Расейцы адчыняць гатэль у космасе


https://youtu.be/XdLNs-of_wI
https://youtu.be/T9PqKWq_brk
Мяркуецца, што ўжо праз пяць гадоў можна будзе спыніцца ў касмічным гатэлі. Але адпачынак у ім будзе нятанным задавальненнем.

Расейская кампанія “Арбітальныя тэхналогіі” мае намер пабудаваць гатэль у адкрытым космасе – на адлегласці 217 міляў ад Зямлі. Прычым ініцыятары праекту збіраюцца рэалізаваць яго ў вельмі аптымістычныя тэрміны: адкрыццё плануецца ўжо ў 2016 г. Мяркуецца, што за адпачынак удалечыні ад Зямлі турысты выдаткуюць 5–25 млн расейскіх рублёў (172–862 тыс. долараў). Пры гэтым падарожжа да месца прызначэння зойме два дня палёту на ракеце.

„Станцыя шматмэтавая: асноўная задача станцыі – гэта касмічны турызм, гэта прыём касмічных вандроўнікаў, прадстаўнікоў нейкіх карпарацыяў ці прадстаўнікоў нейкіх дзяржаваў. Станцыя будзе сканструяваная гэтак, каб забяспечыць максімальныя камфартабельныя ўмовы для касмічных турыстаў”, – кажа кіраўнік “Арбітальных тэхналогіяў” Сяргей Кастэнка.

Арбітальная гасцініца, ці дакладней – камерцыйная касмічная станцыя, будзе мець усе неабходныя чалавеку выгоды, у тым ліку ложкі ды душ. Прычым частаваць касмічных турыстаў будуць ежаю, прыгатаванай на Зямлі. Праўда, з напояў турыстам будуць даступныя толькі халодная гарбата, мінеральная вада і сокі, алкаголь маюць забараніць.

Касмічны гатэль будзе разлічаны ўсяго на 7 чалавек.

„Фінансавы бок на сённяшні дзень выглядае даволі проста. Мы плануем выйсці на рынак з коштам парадку 50–60 млн долараў, што параўнальна з цэнамі палёту на Міжнародную касмічную станцыю. А далей наша задача – актыўнае зніжэнне кошту”, – кажа Кастэнка.

Касманаўты падтрымалі ініцыятыву будаўніцтва арбітальнага гатэлю, аднак яны папярэджваюць, што ў такі адпачынак змогуць адправіцца толькі фізічна вытрывалыя зямляне. У прыватнасці, паводле савецкага касманаўта Георгія Грэчкі, рыхтаванне да палёту ў космас забірае вельмі шмат сілаў. Тым не менш, яго натхніла навіна аб будаўніцтве касмічнага гатэлю.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары