Апазіцыя просіць ЕЗ дадаць у “чорны спіс” міліцыянтаў


Грамадзянская кампанія “Наш дом” звярнулася ў літоўскае прадстаўніцтва Еўразвязу.

Кіраўніца кампаніі Вольга Карач лічыць, што сітуацыя з арыштам Алеся Бяляцкага і выдаваннем інфармацыі пра фінансавую дзейнасць праваабарончага цэнтру “Вясна” патрабуе перагляду прынцыпаў міжнароднай супрацы з рэжымам Беларусі.

Актывістка прапаноўвае пашырыць “спіс неўязных чыноўнікаў” за кошт міліцыянтаў, замешаных у пагрозах сексуальнага гвалту і збіцця праваабаронцаў, палітыкаў, журналістаў.

“Калі беларускія праваабаронцы, якія падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску з боку КДБ, не “маюць дастатковых падставаў” для атрымання нават аднакратных кароткатэрміновых турыстычных візаў, то чаму гэтыя падставы маюць беларускія міліцыянты, якія збівалі ды здзекаваліся з журналістаў і праваабаронцаў?” – абураецца спадарыня Карач.

Па з’яўленні інфармацыі пра тое, што цяжарная жанчына Кацярына Радзівілка пасля затрымання на маўклівай акцыі згубіла дзіця, Вольга Карач прызналася, што таксама страціла дзіця, прабыўшы 8 гадзінаў у пастарунку міліцыі.

Юрыст Святлана Шлома звяртае ўвагу на тое, што паводле заканадаўства фізічная сіла можа ўжывацца міліцыянтамі ў выключных выпадках. “Паводле артыкулу 18 закону “Аб міліцыі” ва ўсіх выпадках, калі пазбегнуць фізічнай сілы немагчыма, працаўнікі міліцыі абавязаныя імкнуцца зрабіць найменшую шкоду здароўю, гонару, годнасці ды маёмасці грамадзянаў, а таксама забяспечыць пацярпелым медычную ды іншую дапамогу”.

Хачу адзначыць, што пра ўжыванне фізічнай сілы міліцыянты абавязаныя паведаміць свайму непасрэднаму начальніку, а той – перадаць пракурору. Але паколькі прадстаўнікі Генпракуратуры заяўлялі, што пра гвалт на маўклівых акцыях ім нічога невядома, мяркую, міліцыянтамі не выконваўся адзін з асноўных прафесійных законаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў