Доўгі шлях да свабоды


Апазіцыйныя лідары абралі спакойны фармат адзначэння 20-й гадавіны незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 г. на нечарговай Пятай сесіі Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ склікання Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце надалі статус канстытуцыйнага закону.

У аргкамітэт святкавання ўвайшлі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыя БНФ, Рух «За свабоду», «Малады фронт», грамадзянская ініцыятыва «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Як паведаміла старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Аляксандра Клімовіч, свята спалучаць з афіцыйнаю прэзентацыяй новага офісу структуры па адрасе: вул. Крапоткіна, 93а, 4-ы паверх. Нагадаем, легендарную сядзібу на праспекце Машэрава, 8 забрала сабе праз суд ЖРЭА Савецкага раёну сталіцы.

«Сёння а 17:00 распачнецца выстава «Доўгі шлях да незалежнасці» суполкі «Пагоня», будуць прэзентаваныя новыя творы мастакоў. Таксама мы запрасілі Змітра Вайцюшкевіча. Планавалася, што ўдзел возьме Сяржук Сокалаў-Воюш, але ён цяпер за межамі Беларусі», – кажа Аляксандра Клімовіч.

У прэсавай службе аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» нагадваюць, што сёння а 18:30 адбудзецца яшчэ і ўрачыстае ўскладанне кветак да магілаў людзей, якія зрабілі вялікі ўнёсак у аднаўленне незалежнасці Беларусі: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ігара Герменчука і Генадзя Карпенкі.

Вулічных акцыяў 25 жніўня апазіцыйныя партыі ды арганізацыі не плануюць.

belsat.eu

Стужка навінаў