Клаўдзія Буланава: Я не ведаю, як перажыву заўтрашні дзень


Палітвязню Дзмітрыю Буланаву 25 жніўня спаўняецца 27 гадоў.

Дзень народзінаў ён адзначыць у Магілёўскай калоніі, дзе адбывае тры гады пакарання за “ўдзел у масавых беспарадках”.

“Дзіма збіраецца адзначыць свята разам з сядзельцамі, як ён гаворыць, па іх “кубрыку”. Усяго іх у камеры 7 чалавек. Дарэчы, Дзіму перавялі з каранціну ў 6-ы атрад”, – распавяла “Белсату” маці вязня Клаўдзія Буланава. 19 жніўня яна ў калоніі спаткалася з сынам.

“Дзіма ні на што не скардзіцца, гаворыць, што ёсць магчымасць глядзець тэлевізар, і папрасіў перадаць яму шахматы. Сын таксама распавёў, што сочыць за здароўем – займаецца фізічнымі практыкаваннямі, гартуецца ды імкнецца не думаць пра дрэннае”, – распавядае Клаўдзія Буланава. Жанчына вельмі хвалюецца, што з надыходам восені ў камерах стане студзёна, а любая прастуда для ейнага сына вельмі небяспечна.

Нагадаем, падчас знаходжання ў СІЗА на Валадарскага з-за пераахалоджвання Дзмітрый Буланаў моцна захварэў – у яго актывізаваўся рэўматызм, болі ў сугломах былі такія моцныя, што ён не мог самастойна падняцца з ложка. “Самае страшнае ў той сітуацыі тое, што я нічым не магла дапамагчы сыну, а тыя людзі, да якіх я спрабавала дагрукацца, яны мяне проста не чулі”, – згадвае Клаўдзія Буланава і прызнаецца, што яшчэ раз такой сітуацыі папросту не вытрымае. Жанчына пагаджаецца, што напісаць прашэнне аб памілаванні для Дзмітрыя – гэта шанец выратаваць здароўе, а можа, і жыццё. Аднак тут жа адхіляе гэтую думку: “Ён аніякага злачынства не здзяйсняў, каб кленчыць гэтую свабоду”.

“Дзеці нашыя атрымалі пакаранне звыш меры, але гэтае выпрабаванне праходзяць годна. Дай і нам Бог моцы перажыць усё гэта”, – гаворыць жанчына. Яна прызнаецца, што вельмі сумуе па сыне і нават баіцца заўтрашняга дня. “Не ведаю, як яго перажыву… Мне так хочацца абняць сына… Але трэба быць моцнай, таму абавязкова накрыю святочны стол…” – Клаўдзія Буланава не хавае слёзаў.

Віншаванні Дзмітрыю Буланаву можна адпраўляць на адрас: 213105 г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, а/с Вейна, папраўчая калонія № 15, атрад № 6. Буланаву Дзмітрыю Аляксандравічу.

belsat.eu

Стужка навінаў