Кіраўнік Цэнтру абароны правоў чалавека “Вольнасць і закон” Андрэй Жукавец паведаміў “Белсату”, што супраца беларускай і польскай пракуратуры не прыпынілася і зараз, пасля скандалу аб выдачы дадзеных Алеся Бяляцкага.
Нагадаем, учора міністр юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі (Krzysztof Kwiatkowski) на сустрэчы з жонкаю праваабаронцы Алеся Бяляцкага заявіў, што па выніках праведзенага кантролю, цягам апошніх гадоў польскія суды не перадавалі ўладам Беларусі звестак апазіцыянераў.
Андрэй Жукавец не згаджаецца з міністрам. “Яшчэ ў 2010 годзе суддзя Шчэсны Шыманьскі даслаў запыт у беларускую пракуратуру па звесткі ў маёй справе, у адказ ён перадаў мае асабістыя звесткі і мой польскі адрас, што недапушчальна, бо я знаходжуся пад абаронаю польскага боку”, – распавёў “Белсату” спадар Жукавец.
Паводле яго, супраца працягваецца і сёння, пасля таго, як польская пракуратура перадала беларускаму боку звесткі пра рахункі Алеся Бяляцкага.
“Міністэрства юстыцыі Польшчы ўжо звярнулася да беларускага Мінюсту, з тым, каб вызначыць тэрмін прыезду суддзі Шыманьскага ў Беларусь. Там ён мае намер праслухаць сведкаў у маёй справе. А вядома: калі допыт будзе праходзіць у Беларусі, тыя будуць казаць тое, што патрэбна беларускай пракуратуры”, – упэўнены Андрэй Жукавец.
Нагадаем, Андрэя абвінавачваюць у махінацыях падчас атрымання крэдытаў вартасцю 700 тысяч даляраў у двух беларускіх банках. У 2001 годзе яго затрымалі ў Беластоку. Беларускі бок запатрабаваў экстрадыцыі, аднак польскі суд вырашыў, што гэта недапушчальна, выказаўшы сумнеў у правядзенні справядлівага працэсу ў Беларусі.
Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зняволення і экстрадыцыя ў Беларусь.
belsat.eu