Арыфметыка беспрацоўя: Кожны трэці


Згодна з афіцыйнымі звесткамі ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі ў параўнанні з леташнімі паказнікамі не змяніўся.

Калі год таму афіцыйная доля беспрацоўя складала 0,8 % да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, то паказнік на 1 жніўня сёлета – 0,7 %.

Калі ж мы звернемся да вынікаў сёлетніх апытанняў, кажа сацыёлаг Алег Манаеў, сітуацыя выглядае інакш. Напрыклад на пытанне «Ці былі вы калі-небудзь беспрацоўным?» станоўча адказалі 36–37 % рэспандэнтаў. «Былі – гэта не значыць, што цяпер беспрацоўныя, але год, два, тры таму – былі», – гаворыць даследнік.

Паводле Манаева, адна з прычынаў такой розніцы ў тым, што вялікая колькасць людзей фармальна не рэгіструецца ў якасці беспрацоўных: «Чаму гэтага не робіцца? Па-першае, каб быць прызнаным беспрацоўным, ёсць пэўныя патрабаванні: у прыватнасці, трэба адзначыцца на якіх-небудзь грамадскіх працах».

Эксперт заўважае, што фармальна вакансіяў, якія прапаноўвае служба занятасці, удвая больш, чым зарэгістравана беспрацоўных. Аднак больш як 80 % прапановаў – гэта праца для рабочых. «Людзі з вышэйшай адукацыяй, не кажучы пра тых, якія маюць прафесійны досвед, проста не пойдуць. Яны не трапляюць у гэтую катэгорыю. Атрымліваецца, рэальныя лічбы, якія характарызуюць узровень беспрацоўя, з тым рэальным, якое ёсць, не супадаюць», – мяркуе эксперт.

Сацыёлаг таксама зазначыў, што ёсць вялікая доля «схаванага беспрацоўя», асабліва сёння, пасля абвастрэння сацыяльна-эканамічнага крызісу.

belsat.eu

Стужка навінаў