Эканаміст: Рэкамендацыя Нацбанку ўзмоцніць чорны рынак


https://youtu.be/4ZY64gxSM88
Прадаваць валюту толькі на сацыяльныя патрэбы. Такую рэкамендацыю атрымалі камерцыйныя банкі.

«Мы рэкамендуем, каб асобныя касавыя і абменныя пункты, якія купляюць замежную валюту ў насельніцтва, накіроўвалі яе выключна на сацыяльныя патрэбы насельніцтва: аплату лячэння за мяжою, жыццё і навучанне студэнтаў за мяжою, выезд за межы рэспублікі ў звязку з хваробай або смерцю сваякоў ды іншае», – растлумачыў прэсавы сакратар Нацыянальны банку Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Гэта датычыць абменнікаў у буйных гандлёва-забаўляльных цэнтрах і на рынках. Дагэтуль замежную валюту на пералічаныя вышэй патрэбы грамадзяне маглі і так атрымаць у аддзяленнях банкаў – трэба было напісаць заяву і прыкласці адпаведныя дакументы.

На меркаванне эканаміста Ірыны Урбан, камерцыйныя банкі не пойдуць на такі крок добраахвотна. «Пакуль не зразумела, наколькі абавязковаю да выканання будзе рэкамендацыя Нацбанку, але гэта відавочнае абмежаванне продажу валюты. Па сутнасці, валюты паўгода ўжо няма ў свабодным продажы. Але гэта таму, што людзі не жадаюць здаваць яе наогул або афіцыйна. Набыць долары і еўры шанцуе толькі тым, хто дзяжурыць дзень і ноч ля абменнікаў. Але з новаўвядзеннем нават яны згубяць такую магчымасць – абмежаванне набудзе заканадаўчы характар». Эксперт мяркуе, што гэта ініцыятыва яшчэ больш узмацніць ценявы абарот валюты ў краіне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары