Голас, падобны да Кадафі, абяцаў не здавацца


https://youtu.be/PEX3NFKf1mg
Радыёстанцыя, што вядзе трансляцыю ў Трыпалі, перадала выступ чалавека, голас якога падобны да голасу Муамара Кадафі. У выступе гаворыцца, што комплекс Баб аль-Азізію, адкуль лівійскі лідар кіраваў краінаю, здалі паўстанцам з тактычных меркаванняў.

Атрады паўстанцаў у аўторак, 23 жніўня, уварваліся ў былыя казармы, якія служылі Кадафі адначасова штабам і асабістаю рэзідэнцыяй цягам 42 гадоў праўлення.

Яны пачалі ламаць сімвалы рэжыму: абезгаловілі залачоную статую Кадафі, кінулі галаву на зямлю і пачалі штурхаць яе нагамі. Знакаміты намёт, у якім Кадафі прымаў замежных гасцей і з якім ездзіў за мяжу, паўстанцы спалілі.

Тым часам, дзе цяпер Кадафі ды ягоныя сваякі, па-ранейшаму не вядома. У прамове, перададзенай па радыё, дыктатар (калі гэта быў ён) назваў здачу Баб аль-Азізіі «тактычным манеўрам». Ён заявіў, што будзе змагацца або да сваёй гібелі, або да поўнай перамогі.

Запіс прамовы таксама перадаў тэлеканал «аль-Уруба». (Паводле інфармацыі Службы маніторынгу «Бі-бі-сі», гэта адзіны на сённяшні дзень тэлеканал, які падтрымлівае Кадафі). Канал «аль-Уруба» пазней перадаў інтэрв’ю па тэлефоне з міністрам інфармацыі ва ўрадзе Кадафі Ібрагімам Мусою. Той заявіў, што 80 % Трыпалі кантралююць праўрадавыя сілы, нядаўна ў горад увайшлі болей за 6 тыс. байцоў, верных Кадафі, хутка да іх далучацца яшчэ 12 тыс.

Лідары паўстанцаў сцвярджаюць, што вялікая частка сталіцы перайшла пад іхны кантроль, хоць у горадзе застаюцца ачагі супраціву. У адным з іх размешчаны гатэль «Rixos», у які, паводле патрабаванняў рэжыму Кадафі, абавязаныя былі засяляцца ўсе замежныя журналісты.

Чальцы Нацыянальнай пераходнай рады, якая да гэтага часу базавалася ў Бэнгазі – на ўсходзе краіны, маюць намер перамясціцца ў Трыпалі ў сераду для фармавання новага часовага ўраду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары