Амбасадара Юшчанкі ў Беларусі заменіць чалец Партыі рэгіёнаў


Чакаецца, што новы амбасадар Украіны ў Беларусі Віктар Ціханаў прыедзе ў Менск “максімальна хутка”. “Думаю, не пазней за першую дэкаду верасня”, – сказаў часовы павераны ў справах Украіны Аляксандр Сасюра 23 жніўня на прэс-канферэнцыі ў беларускай сталіцы.

Паводле дыпламата, апошняя пасада, якую займаў Ціханаў у дзяржаўных органах Украіны, – віцэ-прэм’ер: міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

62-гадовы Ціханаў з 2006 г. – сябра ўзначаленай Януковічам Партыі рэгіёнаў. На пасадзе амбасадара ў Беларусі ён змяніў 45-гадовага Рамана Бяcсмертнага, які ачоліў дыпламатычную місію ў Менску паводле ўказу Віктара Юшчанкі 24 лютага 2010 г. (за дзень да інаўгурацыі Януковіча). 3 чэрвеня гэтага года Бяссмертнага, які не раз рэзка выказваўся адносна палітыкі афіцыйнага Менску, вызваліў з пасады дзейны кіраўнік Украіны.

Тым часам Аляксандр Сасюра выказаў спадзяванне, што аб’ём гандлю Беларусі ды Украіны ў 2011 г. можа дасягнуць узроўню дакрызіснага 2008-га. “Вынікі гандлю за першае паўгоддзе 2011 года (2,7 млрд долараў узаемнага таваразвароту) даюць упэўненасць у тым, што сёлета мы зможам выйсці на ўзровень дакрызіснага 2008 года, калі мелі 5,3 млрд долараў таваразвароту”, – паведаміў дыпламат.

З ягоных словаў, ёсць пэўныя нюансы, звязаныя з уваходжаннем Беларусі ў Мытны саюз (МС) і ўжываннем у сувязі з гэтым новых патрабаванняў падчас шматлікіх гандлёвых аперацыяў. “З двух бакоў ідзе праца ў мінімізацыі негатыўных наступстваў гэтага працэсу, – адзначыў Сасюра. – Думаю, кардынальнага ўплыву на гандлёва-эканамічную супрацу нашых краінаў гэта не зробіць”.

Як заявіў часовы павераны, Украіна намацвае шляхі супрацы з МС з улікам таго, што яна чалец Сусветнай гандлёвай арганізацыі. “Важна набыць, а не штосьці страціць, – заўважыў ён. – Мы шукаем пашырэння сваіх магчымасцяў, але такім чынам, каб не мець нейкіх негатыўных нюансаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў