Закрываюць 65 вясковых школаў. Большасць – беларускамоўныя


У Міністэрстве адукацыі настойваюць, што колькасць беларускамоўных класаў скарачаюць з-за нежадання бацькоў падтрымаць родную мову.

Паводле афіцыйных звестак, летась 52 % усіх школьнікаў навучаліся па-беларуску. Трэба адзначыць, што гэта лічба змяншаецца штогод: два гады таму было 57 %. Да таго ж, адмыслоўцы адзначаюць, што больш за ўсё беларускамоўных класаў засталося ў вёсках. Але праз тое, што ў Беларусі актыўна ідзе працэс урбанізацыі, менавіта 65 вясковых школаў сёлета закрываюць. Пераважна, беларускамоўныя. Дзяцей пераводзяць у большыя навучальныя ўстановы, з працоўнаю расейскаю моваю.

Некалькі гадоў беларускамоўных класаў увогуле не было ў Горадні. У 2007, напрыклад, бацькі толькі аднаго вучня пажадалі, каб ён навучаўся па-беларуску. Сёлета ў аддзеле адукацыі ляжыць 10 заяваў. “Вясною мы праводзілі апытанне, дык знайшлося 70 чалавек, якія казалі, што гатовыя аддаць сваіх дзетак у беларускамоўныя класы, – кажа спецыялістка аддзелу адукацыі гарвыканкаму Алена Пахомава. – І вось 1 верасня ўжо на носе, а мы маем гэтак мала ахвотных. Таму тут праблема не ў нас, а ў саміх бацьках, якія кажуць – а нашто нам гэта трэба? Прымусіць нікога мы не можам”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Алег Трусаў на будучы навучальны год не мае аптымістычных прагнозаў: “Міністэрства адукацыі па-ранейшаму нічога не робіць, каб ствараць беларускія школы і класы. Наўрад ці адбудзецца сёлета якое паляпшэнне, хоць бы горш не было”. Ён упэўнены, што з бацькамі трэба праводзіць тлумачальную працу, угаворваць, каб аддавалі дзяцей менавіта ў беларускія класы.

Беларускамоўныя школы ў Беларусі сталі зачыняцца з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Таксама сталі пераходзіць на расейскую мову навучання спецыяльныя класы, у якіх раней выкладанне праводзілася на беларускай мове. Эксперты звязваюць гэта з праведзеным Лукашэнкам у 1995 г. рэферэндумам, калі, апроч беларускай, статус нацыянальнай мовы атрымала расейская мова. З гэтага моманту ўлады пачалі праводзіць палітыку русіфікацыі беларускай школы.

belsat.eu

Стужка навінаў