Тры месяцы мінула з моманту дэвальвацыі


Паводле ацэнак экспертаў, беларускі рубель абясцэніўся ужо на 70 %.

23 траўня Нацыянальны банк афіцыйна заявіў пра дэвальвацыю рубля. У адносінах да долара яна склала 56 %. Але яшчэ за два месяцы да гэтага замежная валюта пачала знікаць з беларускіх абменнікаў і сапраўдны курс усталёўвалі літаральна “за рогам абменніка” або на сайце Prokopovi.ch.

Віцэ-прэм’ер Сяргей Румас абяцаў урэгуляваць сітуацыю на валютным рынку цягам аднаго-двух тыдняў. У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч заяўляў, што праблема вырашыцца праз два-тры месяцы, аднак сёння, 23 жніўня, неафіцыйны курс долара па-ранейшаму ўдвая перавышае ўсталяваны Нацбанкам.

Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што эканоміка Беларусі перагрэтая з-за палітыкі стымуляцыі Лукашэнкі, якую ён праводзіў апошнія некалькі гадоў. “Летась, перад прэзідэнцкімі выбарамі, рэзка павысілі заробкі бюджэтнікам. Падняліся кошты на
энергарэсурсы. Усё гэта прывяло да таго, што раздзьмуўся дэфіцыт вонкавагандлёвага балансу, і спатрэбілася дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Варта адзначыць, што крызіс суправаджаецца рэзкім скарачэннем золатавалютных рэзерваў і ростам адмоўнага сальда гандлёвага балансу”, – тлумачыць эканамістка Ірына Урбан. На ейнае меркаванне, улады гэтак і не зрабілі высноваў з цяжкага эканамічнага становішча. “Сістэмных рэформаў мы не ўбачылі. Сітуацыя наадварот толькі пагаршаецца – узнікае дэфіцыт прадуктаў, павышаюцца кошты, а з-за адсутнасці валюты абменнікі закрываюць па ўсёй краіне. Відавочна, што ўлады чарговы раз спадзяваліся вырашыць праблемы за кошт замежных крэдытаў. Але ў плацежаздольнасць Беларусі сёння не вераць нават расейцы, якія дагэтуль стала даціравалі эканоміку Лукашэнкі”, – заявіла эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары