Беларусь у бізнесе – і лідар, і аўтсайдар


Сусветны Банк ставіць Беларусь на 68-е месца з 183-х паводле ўмоваў вядзення бізнесу. Але адначасова называе нашу дзяржаву сярод галоўных краінаў-рэфарматараў, якія найбольш адчувальна палепшылі свой бізнес-клімат.

Як вынікае са штогадовай справаздачы Сусветнага Банку “Вядзенне бізнесу–2011”, за мінулы год Беларусь страціла ў рэйтынгу чатыры пазіцыі. Сярод адмоўных паказчыкаў называюць заблытаную сістэму падаткаабкладання, грувасткую працэдуру банкруцтва прадпрыемстваў, а таксама слабую абарону правоў інвестараў.

Галоўным “плюсам” стала паляпшэнне заканадаўства, якое датычыць малога і сярэдняга бізнесу. Па гэтым паказчыку Беларусь у тройцы лідараў разам з Грузіяй і Руандаю.

Беларускія эксперты тлумачаць такі высокі рэйтынг тым, што Сусветны Банк ацэньвае толькі дынаміку развіцця заканадаўства.

Як зазначыла прадстаўніца Рады развіцця прадпрымальніцтва Таццяна Быкава, дзякуючы спрашчэнню працэдуры рэгістрацыі, за апошнія чатыры гады колькасць суб’ектаў малога бізнесу сапраўды вырасла ўдвая. Найбольшымі тэмпамі рост ішоў у рэгіёнах. “Там бізнесоўцам дазволілі прыватызаваць маёмасць, якая стала не патрэбная дзяржаве”, – патлумачыла эксперт.

Разам з тым, зазначыла Таццяна Быкава, у краіне дагэтуль няма канкурэнтных умоваў існавання бізнесу: дзяржаўныя прадпрыемствы займаюць найбольш выгодныя нішы, прыватны бізнес пакутуе ад адміністрацыйнага ціску.

“Каб малы бізнес сапраўды развіваўся, у краіне трэба стварыць рынкавае асяроддзе, прыняць закон аб прыватызацыі, знізіць падаткавы ціск”, – падкрэсліла Таццяна Быкава.

Тады, на меркаванне эксперта, Беларусь мае шанец зраўняцца з краінамі Еўропы па ўнёску малога і сярэдняга бізнесу ва ўнутраны валавы прадукт краіны. Сёння гэты паказчык у Беларусі складае ўсяго 11%, тады як у суседняй Польшчы – 60%.

belsat.eu

Стужка навінаў