Золата скупляюць не толькі беларусы. Ліхаманка ў Чэхіі і В’етнаме


Эканамічны крызіс, непрадказальныя змены на фондавых біржах, падзенне курсаў долара і еўра спрычыніліся да росту інвестыцыяў у золата.
За апошнія тры тыдні попыт на залатыя зліткі ў Чэхіі павялічыўся у 20 разоў. Чэшскі манетны двор адрэагаваў на бум цікавасці да інвестыцыяў у золата вырабам адмысловых залатых зліткаў, якія важаць 1 тройскую унцыю, або 31,1 грама.
“Мы маем план вырабу медалёў вагою адзін кілаграм. Мы таксама вырабляем медалі вартасцю 40 і 100 дукатаў, бо попыт на іх сёлета значна павысіўся”, – гаворыць кіраўнік вытворчасці Чэшскага манетнага двара Міраслаў Вітэк (Miroslav Vitek).
Залатая ліхаманка захапіла і В’етнам. З прычыны росту цэнаў на гэты метал у аўторак, 23 жніўня, у ювелірных крамах пашыхтаваліся чэргі. Раздробныя цэны на залатыя вырабы ў В’етнаме перавысілі сусветны ўзровень. (З пачатку ліпеня сусветныя кошты на золата выраслі на 27%.)
Цэнтральны банк краіны дазволіў прынамсі адной айчыннай кампаніі павялічыць імпарт золата, каб зраўняць кошты і спыніць падаражанне, якое, у сваю чаргу, стварае глебу для спекуляцыяў і незаконных аперацыяў. Тым часам в’етнамцы ўжо доўгі час інвестуюць пераважна ў золата. Урад спрабуе пераканаць грамадзянаў не ўкладаць усе сродкі ў каштоўны метал, каб стабілізаваць эканоміку краіны і спыніць інфляцыю, якая летась склала 20%.
Тым часам насельніцтва і прадпрыемствы Беларусі ў студзені–ліпені 2011 г. набылі 1 тону 33 кг золата ў мерных злітках, што ўдвая больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам (510 кг).
Паводле інфармацыі Нацбанку, на першым месцы паводле папулярнасці апынуліся 10-грамовыя зліткі (іх набылі 5496), затым – зліткі вагою 5 грамаў (набылі 5234) і 20 грамаў (4900).
Акрамя таго, у студзені–ліпені купілі 65 кілаграмовых і 261 паўкілаграмовых залатых зліткаў. Зваротны выкуп банкамі прададзеных залатых мерных зліткаў за справаздачны перыяд склаў 102,383 кг.
У красавіку 2011 г. Нацбанк спыніў продаж мерных зліткаў з каштоўных металаў (золата, срэбра, плаціны) за беларускія рублі.
belsat.eu

Стужка навінаў