Наталля Бяляцкая: Спадзяюся, Алесю хопіць моцы ўсё вытрымаць


Жонка арыштаванага праваабаронцы сустрэлася з прадстаўнікамі польскага Сейму. Польшча абяцае стаць «удвая больш салідарнаю».

«Я магу меркаваць пра ягоны стан толькі сыходзячы з тых лістоў, якія прыходзілі да нас. Апошнім часам, напрыканцы тыдня, я такой інфармацыі ўжо не атрымлівала, але, наколькі я яго ведаю, тон ягоных папярэдніх лістоў дазваляе мне думаць, што ён здольны трымацца і вынесці тую сітуацыю, у якую трапіў, – распавяла журналістам Наталля Бяляцкая. – Ён нават больш у лістах падтрымлівае мяне і сына, чым перажывае за сябе. Спадзяюся, яму хопіць моцы, каб усё гэта вытрымаць».

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Перададзеная ў Менск польскімі ды літоўскімі дзяржаўнымі органамі інфармацыя пра замежныя банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага сталася фактычна падставаю для ягонага арышту.

«Тая ганебная сітуацыя, што мела месца, можа выклікаць толькі адну рэакцыю: удвая будзем актыўнейшымі, удвая больш будзем несці праўную дапамогу, удвая больш будзем салідарныя як польскае грамадства. Польскі парламент падтрымлівае ўсіх тых, хто трапіў пад рэпрэсіі», – заявіў кіраўнік камісіі замежных справаў польскага Сейму Анджэй Халіцкі.

belsat.eu

Стужка навінаў