Праляскоўскі: Дзяржвыданні здольныя выйсці на самаакупнасць


У рынкавых умовах дзяржаўныя газеты «каменя на камяні не пакінуць ад так званых незалежных газетаў», мяркуе міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

«Я не толькі не баюся, але і ўпэўнены, што ў рынкавых умовах большасць нашых газетаў («Советская Белоруссия», «7 дней» ды іншыя) каменя на камяні не пакінуць ад так званых незалежных газетаў, – заявіў ён 23 жніўня падчас онлайн-канферэнцыі на сайце агенцтва БелТА. – Рэйтынгі нашых выданняў значна вышэйшыя за гэтак званыя апазіцыйныя газеты, а паводле колькасці падпісчыкаў – гэта проста неба і зямля».

«Больш за тое, – дадаў міністр, – нашы выданні ў няпросты эканамічны час у стане выйсці на самаакупнасць. Але мы трымаем невялікую падушку бяспекі».

На пытанне, чаму тады на дзяржпрадпрыемствах і ва ўстановах існуюць абавязковыя планы падпіскі на дзяржаўныя выданні, якія ніхто не жадае выпісваць добраахвотна, Праляскоўскі адказаў: «Гэта больш пытанне да кіраўнікоў прадпрыемстваў. Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, што на прадпрыемстве, у цэху, будуць знаходзіцца газеты і часопісы. Гэта, на маё меркаванне, зусім нават нядрэнна. Лічу, што на прадпрыемствах газеты і часопісы павінны быць».

Кіраўнік Міністэрства інфармацыі таксама сцвярджае, што ў краіне не існуе праблемы распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі. «Гэта вялікія казкі нашай апазіцыі, што яе чымсьці заціскаюць, не пускаюць кудысьці. Яна часта сама нікуды не ідзе», – заявіў ён. Паводле Праляскоўскага, у краіне праводзіцца «маса розных ток-шоу, круглых сталоў ды іншых мерапрыемстваў», у межах якіх можна абмяняцца меркаваннямі, «але шматлікія гэтак званыя незалежныя эксперты іх проста ігнаруюць».

Міністр адзначыў, што ў Беларусі акрамя дзяржаўных ёсць прыватныя, незалежныя газеты і сеткавыя медыі. Зарэгістраваныя амаль 2 тысячы друкаваных і 90 электронных выданняў – гэта, як лічыць Праляскоўскі, даволі шмат для адносна невялікай краіны.

У той жа час чыноўнік прызнаў, што некаторыя дзяржаўныя медыі займаюць «не заўсёды аб’ектыўную пазіцыю, поўнасцю ігнаруюць недахопы», і міністэрства «крытыкуе іх за бяззубасць». «Ёсць і іншая крайнасць: выданні, дзе няма ніводнага добрага слова пра краіну, грамадства, дзе радуюцца ўсім паражэнням», – дадаў Праляскоўскі.

«А праўда, – упэўнены ён, – пасярэдзіне. Журналістыка – гэта люстэрка. Аб’ектыўнай крытыкі (не крытыканства), напэўна, у «Советской Белоруссии», да прыкладу, больш, чым у апазіцыйных, дзе толькі ўсё дрэнна. Свята прайшло – дрэнна, прайшло спартыўнае мерапрыемства – дрэннае мерапрыемства. Штосьці чыноўнік сказаў – глупства гаворыць».

belsat.eu

Стужка навінаў