Відавочца: Ад ранку каля амбасады Лівіі гуртаваліся маладыя лівійцы


Калі стала зразумела, што сталіца Лівіі Трыпалі перайшла пад кантроль паўстанцаў, а Муамар Кадафі фактычна канчаткова згубіў уладу, у шэрагу дыпламатычных прадстаўніцтваў Лівіі пачалі замяняць дзяржаўныя сцягі на сцягі паўстанцаў. У Менску да амбасады Лівіі прыйшлі некалькі лівійцаў, што жывуць у Беларусі.

«З самай раніцы каля амбасады сабралася невялікая група маладых людзей, было бачна, што хутчэй за ўсё гэта не грамадзяне Беларусі, а грамадзяне Лівіі. Яны збіраліся, хадзілі каля амбасады, званілі ў званок, а потым праз нейкі час, калі мы праязджалі міма, то заўважылі, што яны ўсе стаяць на ганку амбасады. Узнікла невялікая патасоўка, бо іх не пускалі ўсярэдзіну і яны спрабавалі прарвацца, – распавяла журналістам «Белсату» сведка падзеяў. – Памянялі сцягі. Пасля гэтага ці то ім адчынілі дзверы ў амбасадзе, ці яны нейкім чынам зайшлі, але каб білі шыбы, не было чуваць. Яны зайшлі ў сярэдзіну амбасады, і ўсё адбывалася ўжо там. Наша міліцыя стаяла, усярэдзіну не заходзіла і ніякім чынам ім не перашкаджала разбірацца паміж сабою».

Паўстанцы захапілі большасць тэрыторыі Трыпалі, баі вядуцца толькі каля рэзідэнцыі Кадафі, дзе сканцэнтраваліся сілы, верныя дыктатару. Паўстанцы ўжо захапілі тэлецэнтр, дзяржаўнае радыё і шэраг іншых ключавых будынкаў. Месцазнаходжанне самога Муамара Кадафі не вядомае.

Belsat.eu

Стужка навінаў