Мікіта Ліхавід рыхтуецца да пераводу на турэмны рэжым


Пра гэта палітвязень паведаміў у лісце да маці.

«Піша, каб я была гатовая да таго, што на турэмны рэжым яго перавядуць у сярэдзіне восені. І супакойвае, што нічога страшнага ў гэтым няма», – распавяла «Белсату» Алена Ліхавід. Жанчына гаворыць, што ліст сына даволі стрыманы і аптымістычны, нават і не зразумееш, што ён напісаны ў зняволенні. Мікіта піша, каб за яго не хваляваліся, што ён здаровы і нават займаецца спортам. «Але якім спортам ён можа займацца ў камеры? Хіба што спрабуе адціскацца ад падлогі…» – уздыхае Алена Ліхавід.

У лісце Мікіта супакойвае маці, што памяшканне камернага тыпу, куды яго змясцілі на тры месяцы за шматлікія парушэнні, «нічога страшнага з сябе не ўяўляе», маўляў, што ў зоне сядзець, што ў ПКТ – розніцы няма. І заклікае маці клапаціцца пра сваё здароўе. «Мікіта піша, што не просіць, а патрабуе, каб я з’ехала хаця б на тыдзень у адпачынак. Адказала яму, што разгледжу ягонае патрабаванне, але куды я паеду, калі з маім сынам адбываецца невядома што?» – кажа Алена Ліхавід.

На гэтым тыдні яна і адвакатка вязня Дар’я Ліпкіна збіраюцца наведаць Наваполацкую калонію, дзе адбывае пакаранне Мікіта Ліхавід. Палітвязня за ўдзел у Плошчы асудзілі на 3,5 гады зняволення. Мікіта лічыць сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць распараджэнні турэмнай адміністрацыі. Раней у лісце да маці ён пісаў, што прасіць памілавання не збіраецца: «Няхай выпускаюць тых, хто вінаваты і жыве па рэжыме, а я сваё імя і свой гонар за магчымасць есці пернікі са згушчанкай не прадаю».

belsat.eu

Стужка навінаў