Чаму апазіцыю не пусцілі ў выбарчыя камісіі?


https://youtu.be/JqnYdbki9X0
Праваабаронцы называюць афіцыйныя прычыны абсурднымі.

“Напрыклад, у Магілёве ні ў водную выбарчую камісію не трапіў ніводзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў, хаця вылучаліся ў гэтыя камісіі не менш за 200 чалавек, – канстатуе праваабаронца Уладзь Лабковіч. – Гэта сведчыць, што ўлады, сапраўды як і заўсёды, цалкам узялі пад кантроль участковыя камісіі”.

Наяўнасць ва ўчастковых камісіях сваіх прадстаўнікоў важная для апазіцыі, бо менавіта тут лічаць галасы выбарнікаў ды існуюць найбольшыя магчымасці для фальсіфікацыяў. Праваабаронцы робяць высновы, што ўчастковыя камісіі сфармаваныя зыходзячы выключна з інтарэсаў дзейснай улады.

Адмову на ўваходжанне ў выбарчыя камісіі атрымаў і шэраг вядомых дзеячаў дэмакратычнай супольнасці. Афіцыйныя прычыны, як мяркуе Уладзь Лабковіч, абсалютна абсурдныя. “Напрыклад, спадарыні Людміле Гразновай было адмоўлена з той прычыны, што яна раней выступала на мітынгах. Алесь Лагвінец, прадстаўнік Партыі БНФ, прадставіў 210 подпісаў за вылучэнне яго ў камісію, хоць паводле заканадаўства дастаткова і дзесяці, але яго таксама не ўключылі ў камісію з-за таго, што ён быў сябрам адной з ініцыятыўных групаў кандыдатаў”. Пры гэтым, адзначае праваабаронца, такія акалічнасці не ўплывалі на ўваходжанне ў склад камісіяў тых, хто збіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары