Масавае збіццё зняволеных у папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах


«22 жніўня ў інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Платформа» паступіла паведамленне пра масавае збіццё зняволеных у папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах (Берасцейская вобласць)», – паведаміў дырэктар установы Андрэй Бандарэнка.

З просьбай пра дапамогу ў «Платформу» звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава, які адбывае пакаранне ў гэтай калоніі. «На сённяшні дзень не ўсе дэталі паведамлення ўдалося праверыць, аднак дакладна вядома, што 27 ліпеня ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу) супрацоўнікі калоніі жорстка збілі шасцярых вязняў. Двух з іх даставілі ў гарадскую лякарню, аднаго з іх – на насілках. Астатнім пацярпелым дапамогу аказвалі ў калоніі», – распавёў Бандарэнка.

Ён адзначыў, што ў калоніі інфармацыю пра збіццё абверглі, назваўшы яе не адпаведнай рэчаіснасці. Спачатку намеснік начальніка Мікалай Шаршуновіч прапанаваў Андрэю Бандарэнку сустрэцца ў Івацэвічах і абмеркаваць гэтую інфармацыю. «Намеснік начальніка калоніі папрасіў 10 хвілінаў для ўзгаднення з кімсьці будучай сустрэчы, аднак больш яго пачуць не ўдалося і на тэлефонныя званкі ніхто не адказвае», – сказаў Бандарэнка.

Установа «Платформа» звярнулася ў Генеральную пракуратуру, Дэпартамент выканання пакаранняў і Упраўленне ўласнай бяспекі МУС з патрабаваннем праверыць гэтыя факты і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. «На жаль, на сённяшні дзень няма вынікаў працы гэтых арганізацыяў па фактах катаванняў у Глыбоцкай калоніі. Больш за тое, на Юрыя Лінгу, які агучыў гэтыя факты, завялі некалькі адміністратыўных справаў. Адвакат і журналісты з Менску трапілі на разгляд справы ў мінулую пятніцу з некалькімі прыпынкамі для праверкі дакументаў», – адзначыў Бандарэнка.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» таксама паведамляе дзяржаўным органам і грамадзянам Беларусі, якія падвергнуліся катаванням або жорсткаму ці зневажальнаму абыходжанню з боку супрацоўнікаў МУС, што яна выступае суаўтарам дакладу ў Камітэт супраць катаванняў ААН, які будзе разглядацца ў кастрычніку. «Мы заклікаем прадстаўнікоў пенітэнцыярнай сістэмы выконваць закон, супрацоўнікаў пракуратуры – аб’ектыўна разгледзець нашы заявы, а грамадзянаў – паведамляць пра вядомыя ім факты парушэння закону з мэтай інфармаваць сусветную грамадскасць пра сітуацыю ў беларускіх турмах», – заявіў Бандарэнка.

Гэта ўжо другое паведамленне пра збіццё зняволеных у папраўчай калоніі. Пра першыя катаванні распавёў Юрый Лінга, які ўтрымліваўся ў Глыбоцкай калоніі. Пасля гэтага мясцовая міліцыя аштрафавала Юрыя на 35 тыс. руб. «за распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы».

belsat.eu

Стужка навінаў