Ці аддаваць Піменава Беларусі, вырашыць польскі суд


Следчыя адпусцілі палітычнага ўцекача Змітра Піменава каля апоўначы ў пятніцу, 19 жніўня. Дапытвалі яго восем гадзінаў у офісе раённай пракуратуры ў Пшэмыслі.

Каля двух гадоў таму беларускі апазіцыянер трапіў у міжнародны спіс Інтэрполу на просьбу беларускіх спецслужбаў. Піменаў падазраецца ў нападзе на двух мужчынаў у Віцебску 4 лістапада 2000 г. У тым жа годзе ён выехаў у Бельгію, дзе атрымаў палітычны прытулак, ці так званы “жэнеўскі” пашпарт палітуцекача.

Змітра затрымалі ўначы з чацвярга на пятніцу польскія памежнікі. Піменаў з жонкаю Кацярынаю ехаў праз польска-ўкраінскую мяжу. Ягонае прозвішча ў памежнай сістэме было пазначанае як злачынцы ў вышуку. “Мы мусілі былі яго затрымаць. У сістэме няма рубрыкі, што гэта беларускі апазіцыянер”, – патлумачылі польскаму выданню “Gazeta Wyborczа” чыноўнікі Бешчадскага адзелу мытнага кантролю.

Следчыя адпусцілі Піменава. “Адносна злачынства, у якім вінаваціць апазіцыянера беларускі бок, у Польшчы скончыўся тэрмін даўнасці. Пасля здарэння мінула больш за дзесяць гадоў”, – распавяла выданню “Gazeta Wyborcza” пракурор Пшэмысльскай пракуратуры Аліна Піх.

Зміцер Піменаў – чалец апазіцыйнай Кансерватыўна-хрысьціянскай Партыі БНФ. У эміграцыі ён ладзіў акцыі пратэсту перад Еўрапейскім парламентам, звяртаючы ўвагу на сітуацыю ў Беларусі.

Апазіцыянер можа вольна перасоўвацца ў межах Еўрапейскага Звязу. “Але ён мусіць ведаць, што яго зноў арыштуюць пры ўездзе ў краіну, якая не уваходзіць ў ЕЗ. Гэтак будзе кожны раз, пакуль беларуская служба не выкрасліць яго з міжнароднага спісу вышуку”, – дадаюць пракуроры.

Адносна Піменава распачатая працэдура экстрадыцыі ў Беларусь. Польскі суд будзе вырашаць, ці перадаваць справу лідара беларускай апазіцыі рэжыму Лукашэнкі. Беларусь мае спачатку падаць Польшчы арыгінальны міжнародны ордар на арышт з падрабязна выкладзеным абвінавачаннем Піменава.

“Міністр юстыцыі Польшчы Кшыштаф Квяткоўскі зможа ўмешвацца ў працэдуру экстрадыцыі толькі тады, калі польскі суд вырашыць, што гэтую справу трэба перадаць Беларусі. Міністр можа адмовіць у экстрадыцыі, калі Зміцер Піменаў не будзе мець у Беларусі гарантаванага справядлівага судовага разбіральніцтва, а ягоныя правы чалавека будуць парушаныя”, – паведаміла “Gazeсie Wyborczej” прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Польшчы Яанна Дэмбэк.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары