Беларускія спартоўцы шукаюць магчымасці эміграваць


Дагэтуль не падпісаны ўказ прэзідэнта аб дзяржаўных датацыях гульнявых відаў спорту.

Гэта значыць толькі адно: большасць беларускіх клубаў маюць сур’ёзны бюджэтны дэфіцыт. Праблема дакацілася нават да хакею – хоць, як вядома, гэтым відам спорту асабліва апякуюцца ўлады.

Бюджэт каманды фармуецца з дзяржаўных і спонсарскіх сродкаў. Толькі 25–30 % усіх грошай яна зарабляе самастойна. Напрыклад, для такога хакейнага клубу, як “Дынама-Берасце” патрэбна прынамсі $ 20 млн на сезон, і 40 % усіх сродкаў раней выдавалі з бюджэту.

Цяпер сітуацыя іншая. “Мы звяртаемся да ўладаў вобласці, каб яны звярнулі ўвагу на нашыя праблемы. Падпісанне ўказу прэзідэнта зноў адклалі, цяпер на чацвёрты квартал. У выніку мы можам проста згубіць гульцоў. Зусім няшмат ахвочых гуляць за такія грошы, як сёння – 15 млн руб. на месяц”, – кажа генеральны дырэктар “Берасцейскага хакейнага клубу” Вадзім Драчоў. Паводле яго, у галоўных клубах зарабляюць як мінімум утрая больш.

Спартовы аглядальнік Уладзімір Хаванскі мяркуе, што фінансавы крызіс дакаціўся і да спорту. “Абсалютна відавочна, што ў дзяржавы няма свабодных грошай, каб фінансаваць цяпер спорт у тым самым аб’ёме, як і раней, як бы моцна сам Лукашэнка ні любіў хакей. Узнікаюць праблемы з замежнымі гульцамі – адсутнасць валюты моцна адштурхоўвае іх”.

Эксперт кажа, што ў хакеі сітуацыя выглядае лепш, чым у іншых відах спорту. “Валейбалісты сёння не маюць грошай на новую форму, сур’ёзна спынілася спонсарская дапамога, і шмат якія гульцы актыўна шукаюць магчымасці з’ехаць на працу за мяжу”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары