Мяса ў сталіцу будуць завозіць паводле раскладу


Скласці графік прывозу мяса да канца года загадаў старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе ў ведамстве 22 жніўня.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА. Ладуцька загадаў таксама вызначыць аб’ёмы паставак мяса для холадакамбінатаў, стабілізацыйных фондаў, фірмовай гандлёвай сеткі ды для спецпаставак (маюцца на ўвазе камбінаты школьнага харчавання).

Кантраляваць выкананне “графіка паставак мяса ў тушах і ў разрубах” старшыня Менскага гарвыканкаму даручыў начальніку кіраўніцтва гандлю і паслугаў ведамства Андрэю Новікаву. Рабіць гэта трэба штодня разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі.

Ладуцька заклікаў стварыць “выразную схему працы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, якія ўдзельнічаюць у забеспячэнні спажывецкага рынку мясам”. Дзеля гэтага трэба скласці спісы мясакамбінатаў, пастаўнікоў, прадпрыемстваў спажыўкааперацыі ды распісаць, “хто куды едзе і што вязе”. “У насельніцтва ніякіх пытанняў адносна забяспечанасці мясам быць не мусіць”, – падсумаваў кіраўнік Менгарвыканкаму.

Тым часам у інтэрнэце рыхтуецца запрацаваць “першы ў свеце віртуальны абменнік мяса” – сайт Myasnikovi.ch. Беларусы ўжо некалькі месяцаў паспяхова карыстаюцца падобным электронным рэсурсам для абмену валюты – Prokopovi.ch, які стартаваў з пачаткам валютнага крызісу ў краіне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары