Акцыя “Стоп-бензін” 22 жніўня


20:00

Рух па праспекце аднавіўся. Аўтамабілі ДАІ раз’ехаліся

19:49

Акцыя практычна скончылася. Аднак ДАІ па-ранейшаму выбарачна прапускае аўтамабілі ў цэнтр. Каля гатэлю «Вікторыя», на праспекце Пераможцаў, невядомыя ў цывільным здымаюць на відэа ўсе машыны, якія выязджаюць з цэнтру. Побач з імі стаіць супрацоўнік ДАІ.

19:29

На вуліцы Багдановіча па-ранейшаму вялікія коркі. Цяжка адрозніць удзельнікаў акцыі ад звычайных аўтааматараў. Улётак з сімволікай акцыі нідзе не бачна.

19:25

Пад ўваход купарк Горкага пад’ехалі два аўтобусы са спецназам. Побач з імі — каля 20 працаўнікоў міліцыі ў чорнай форме.

19:21

Рух па вуліцы Багдановіча амаль спыніўся. Машыны актыўна сігналяць, а мінакі падтрымліваюць удзельнікаў акцыі воплескамі. Са шмат якіх машынаў гучыць песня Віктара Цоя «Перемен».

19:07

Насупраць кінатэатру «Мір» людзі выходзяць з аўтаў і патрабуюць тлумачэння ў працаўнікоў ДАІ, некаторыя працягваюць рух насуперак забароне ДАІ. Міліцыянты просяць прабачэння і кажуць толькі, што выезд на праспект Незалежнасці забаронены ад вуліцы Сурганава да вакзалу.

19:01

Каля парку імя Горкага з’явіўся палкоўнік Ігар Яўсееў у атачэнні людзей у цывільным. Дзясяткі аўтаў сігналяць на плошчы Змітрака Бядулі, адзіны прысутны там працаўнік ДАІ спыняе іх і спрабуе накіраваць назад. Людзі спрачаюцца і пытаюць, як маюць трапіць дадому.

18:52

Абмежаваны рух па вуліцы Якуба Коласа. Працаўнікі ДАІ не дазваляюць праехаць на праспект Незалежнасці і накіроўваюць машыны на прылеглыя вуліцы. Грамадскі транспарт рухаецца па маршруце без зменаў.

18:42

Праспект Незалежнасці практычна пусты, відаць збольшага толькі грамадскі транспарт і машыны ДАІ. Выезд на праспект Незалежнасці з боку вуліцы Казлова заблакаваны. Людзі ў цывільным здымаюць на камеры тых, хто здолеў праехаць на праспект на ўласным аўце.

18:30

ДАІ закрыла ўсе грамадскія паркоўкі ў раёне плошчы Свабоды. Па ўсёй вуліцы Карла Маркса актыўна спыняюць кіроўцаў

22 жніўня а 19:00 аўтааматары плануюць заблакаваць рух на галоўных праспектах Менску – Незалежнасці і Пераможцаў. Такім чынам кіроўцы будуць пратэставаць супраць шостага сёлета павышэння цэнаў на бензін.

18:25

Больш як за паўгадзіны да пачатку акцыі пратэсту на яе маршруце з’явіліся пасты працаўнікоў ДАІ. Яны дзяжураць каля гатэлю «Еўропа» і Нацбанку, а таксама ўздоўж усяго праспекту Незалежнасці.

Насупраць «Макдональдса» (каля ГУМу) з’явіліся людзі ў цывільным і з камерамі.

***

Прыхільнікі акцыі маюць намер стыхійна сабрацца на розных вуліцах, прылеглых да праспектаў, і выехаць у цэнтр, каб заблакаваць рух. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданне “Салідарнасць”. 20 жніўня канцэрн “Белнафтахім” узняў кошты на бензін на 3%.

Як распавёў «Салідарнасці» кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы «За Аўто» Арцём Шаркоў, пра акцыю ён даведаўся ад аўтамабілістаў. Паводле яго, яна пройдзе “ў фармаце 7 чэрвеня”, але ці будзе масавай з увагі на сезон адпачынкаў – цяжка сказаць.

Месцы правядзення акцыі

1) Праспект Пераможцаў, адрэзак ад вул. Няміга да вул. Ігнаценка (за стэлай «Менск – горад-герой»)

2) Праспект Незалежнасці, адрэзак ад плошчы Я. Коласа да ГУМа.

Асноўная мэта ўдзельніка акцыі – пасля 19.00 рухацца па праспекце Пераможцаў на ўчастку ад Нямігі да вул. Ігнаценкі, альбо па праспекце Незалежнасці ад плошчы Я. Коласа да ГУМа ў любым кірунку, разварочваючыся ў любым дазволеным ПДР месцы, каб рухацца назад, калі вы ўжо даехалі да Нямігі або вул. Ігнаценкі, альбо да пл. Я. Коласа або ГУМа на пр. Незалежнасці. Вы можаце проста катацца па праспекце. Роўна а 19.10 ўдзельнікі акцыі зніжаюць хуткасць руху да 20-30 км на гадзіну і ўключаюць “аварыйку”. Тыя, хто не хоча рухацца далей, спыняюцца, адчыняюць капот і ўхіляюць “раптам узніклую” паломку, выставіўшы знак прыпынку ў адпаведнасці з ПДР.

Паводле Фёдара Сухава, намесніка старшыні інфармацыйна-даследчай установы «За аўта», вулічныя акцыі – гэта адзіны спосаб для аўтамабілістаў адстойваць свае правы, бо на пісьмовыя звароты і скаргі чыноўнікі ўжо не рэагуюць.

«Белнафтахім» ігнаруе не толькі аўтамабілістаў, але і прэзідэнта. Ён загадаў не павышаць коштаў на паліва большы як на 3 % за квартал, а мы назіраем павышэнне коштаў штотыдзень», – кажа Сухаў.

belsat.eu

Стужка навінаў