Васіль Шлындзікаў: «Беларускалій» прадаваць нельга


«За невялікім выключэннем гэта адзінае, што ў нас ёсць, – кажа эканаміст Васіль Шлындзікаў. – Тым болей нейкім банкам – я лічу, гэта нанясе вялізарную шкоду нашаму народу».

Учора дырэктар «Беларускалію» Валерый Кірыенка заявіў пра адмову ад перадачы 35 % акцыяў прадпрыемства ў залог крэдыту на 2 млрд долараў, які абяцалі выдаць «Сбербанк РФ» і «Deutsche Bank».

«На тых умовах, якія выставіў расейскі бок, я ўпэўнены, наш урад не пагодзіцца… Не так ужо ў нас усё дрэнна, каб пайсці на гэта», – падкрэсліў Кірыенка.

Трэба прызнаць, што ў самога прадпрыемства сапраўды «не ўсё так дрэнна». Пакупнікоў на хлорысты калій заўсёды стае. Аднак гэтыя грошы прызначаліся не для «Беларускалію», а для золатавалютных рэзерваў Нацбанку.

Эканаміст Васіль Шлындзікаў пазітыўна ацэньвае адмову ад перадачы у залог траціны прадпрыемства: «Можа быць, гэтыя людзі зразумеюць, што так рабіць нельга. Я ведаю, што звычайна, калі нешта такое адбываецца – гэта звычайныя карупцыйныя схемы. Ці трэба гэта нам? Думаю – не».

Грошы, прапанаваныя расейскім і нямецкім банкамі эканаміст называе кропляй у моры. «Яны вырашаць часова нейкую праблему, на некалькі месяцаў, і ўсё пачнецца з пачатку. Беларусі неабходныя глыбокія эканамічныя рэформы», – упэўнены эксперт.

Паводле Васіля Шлындзікава, урад сёння хоча стабілізаваць сітуацыю, нічога не змяняючы: «У такім выпадку ўзровень жыцця будзе толькі паніжацца».

«Беларускалій», які на 100 % належыць дзяржаве, разам з расейскім «Уралкалием» валодае Беларускаю калійнаю кампаніяй, што займаецца продажам прадукцыі ды кантралюе каля 30 % сусветнага рынку калійных угнаенняў.

belsat.eu

Стужка навінаў