Аўтамабілісты будуць пратэставаць


На сайце «Стоп-бензін» яшчэ напярэдадні падаражання паліва з’явілася інфармацыя пра тое, што ў выпадку павышэння коштаў аўтамабілісты заблакуюць вуліцы на знак пратэсту.

Каардынатар Арцём Шаркоў паведамляе: «Кошты падымаюць пяты раз на год. Натуральна, што гэта абурае аўтамабілістаў. Таму варта чакаць пратэстаў на пачатку тыдня».

Гэтым разам «Белнафтахім» прымяніў новую стратэгію: павышэнне зрабілі напярэдадні выходных, калі імавернасць пратэстаў найменшая. Першая акцыя блакавання вуліцаў «Стоп-бензін» мела вялікі рэзананс – тады кошты на загад Лукашэнкі вярнулі назад. Магчыма, менавіта «Стоп-бензін» выклікаў негатыўную рэакцыю прэзідэнта на ідэю рэформаў, што прапаноўвалі чыноўнікі.

Эканаміст Таццяна Манёнак тлумачыць, што ў «Белнафтахіму» няма іншага выйсця, апроч уздымання коштаў: «Сёлета змянілася сітуацыя з імпартам і экспартам нафтапрадуктаў. Да таго ж няма фінансавай магчымасці, як у папярэднія гады, штучна стрымліваць кошты. Улады пайшлі на тое, што адмянілі абавязковы продаж валюты для нафтавікоў. Усё таму, што за першае паўгоддзе кампаніі спрацавалі «ў мінус». Цяпер яны спрабуюць хаця б дагнаць інфляцыю і выраўняць кошты з расейскімі, каб абмежаваць кантрабандны вываз паліва ў суседнія краіны». Эксперт кажа, што варта чакаць падаражання ў будучыні: «Улады заявілі пра разавую дэвальвацыю на 56 %. Дык вось, рэальная дэвальвацыя цяпер – гэта ўжо 70 %».

belsat.eu

Стужка навінаў