Дзмітрый Дрозд: Гэта не мы, а дзяржава прасіла памілавання


Былы палітвязень Дзмітрый Дрозд лічыць, што памілаванне некаторых асуджаных удзельнікаў Плошчы выкліканае выключна міжнародным ціскам і санкцыямі супраць афіцыйнага Менску, і чакае «другой хвалі» вызвалення палітвязняў.

Дзмітрый Дрозд быў асуджаны 5 траўня судом Кастрычніцкага раёну Менску. Яго прызналі вінаватым на падставе ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках») і прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прыезд супрацоўнікаў Дэпартаменту выканання пакаранняў з падрыхтаванымі просьбамі аб памілаваннямі, якія мусілі падпісаць палітвязні, стаўся для яго нечаканасцю. Аднак ён не выключае, што неўзабаве будуць памілаваныя іншыя палітвязні. «Я думаю, што будзе і «другая хваля», калі ўсіх аб’едуць, усім прапануюць яшчэ раз. Тыя, хто адмовіўся, – гэта сапраўды героі, яны ведаюць на што яны ідуць», – зазначыў Дзмітрый Дрозд.

Ён таксама падкрэсліў, што супрацоўнікі нават прымушалі некаторых падпісаць прашэнне аб памілаванні. «Гэта не мы папрасілі памілавання, гэта нашая дзяржава папрасіла памілавання ў сусветнай супольнасці. Гэткім чынам яна спрабуе неяк рэабілітавацца, паказаць, што выпраўляецца», – мяркуе Дзмітрый.

Час, праведзены ў калоніі, палітвязень называе выпрабаваннем, хоць лічыць, што магло быць нашмат горш. «Каля я трапіў на зону, мяне паставілі на вельмі цяжкую працу, – распавядае ён. – Груба кажучы, узяць бервяно патаўсцей ці патанчэй і несці яго далёка. Потым перавялі на лягчэйшую працу. Далі зразумець – можа быць так, а можа быць гэтак. Нават у рамках заканадаўства ім нічога не каштавала ціснуць на мяне, паставіць у лішні нарад па прыборцы. Не кажучы ўжо пра магчымасці падаслаць чалавека, які б адмыслова мяне правакаваў, пагражаў. Адміністрацыя не будзе сама гэтым займацца – будзе рабіць праз сваіх людзей. Яны сапраўды могуць сапсаваць жыццё чалавеку настолькі, што ён сам праз тыдзень папросіць памілавання. Я гэта разумеў, і ў мяне не было сілаў рабіць з сябе героя».

belsat.eu

Стужка навінаў