Расейцам улады гатовыя дараваць спазненні ў будаўніцтве


Старшыня кіраўніцтва стратэгічнага развіцця, каардынацыі ды інвеставання транспартных сістэмаў Міністэрства транспарту і камунікацыяў Павел Бажанаў заявіў, што расейская кампанія “Ітэра”, якая планавала ўдзельнічаць у будаўніцтве ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-1” цэнтру бізнес-авіяцыі і цэнтру тэхабслугоўвання і рамонту авіятэхнікі, не адмаўляецца ад сваіх абавязкаў.

“Тэрміны праектаў сапраўды пераносіліся некалькі разоў. Гэта было выклікана некаторымі цяжкасцямі, якія ўзніклі ў інвестара. Тым не менш, “Ітэра” не адмаўляецца ад будаўніцтва. І пакуль мы чакаем, калі інвестар ліквідуе ўсе праблемы і рэальна пойдзе фінансаванне”, – распавёў чыноўнік.

Паводле дамовы ўлады маглі адхіліць заяўку інвестара, але не пайшлі на гэта, нягледзячы на тое, што замаруджваецца і перанос авіярамонтнага заводу, які месціцца на тэрыторыі аэрапорту.

Вядома, што кампанія “Ітэра” будуе і комплекс “Менск-сіці”. Гэты праект таксама будзе здадзены пазней, але актыўнае будаўніцтва ідзе на іншым аб’екце – у Драздах. Тут “Ітэра” ўзводзіць новую рэзідэнцыю для Лукашэнкі. Тэрыторыя вакол будоўлі пакуль што амаль не ахоўваецца. Аднак ужо з’явіўся асфальт пасярод лесу, а прайсці на будоўлю не дазваляюць два вартаўнікі. “Калі вам трэба ведаць, рэзідэнцыю тут будуюць ці не, едзьце ў Дразды да службы аховы. Нам размаўляць са староннімі людзьмі забаронена”, – заявілі яны карэспандэнту “Белсату”.

У інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра тое, што новую рэзідэнцыю кампанія будуе задарма ў абмен на выгадныя ўчасткі ў цэнтры Менску. Да іх адносяць тэрыторыю будучага “Менск-сіці” і аэрапорту “Менск-1”.

Кампаніі не ўпершыню прымушаюць будаваць ці аднаўляць дадатковыя аб’екты ў абмен на паспяховыя інвестыцыйныя праекты. У свой час бізнесовец Юрый Чыж атрымаў пляцоўку ля Траецкага прадмесця дзеля пабудовы шматпавярховага элітнага жылога комплексу – за дармавое будаўніцтва лядовай арэны ў раёне Студэнцкай вёскі. Абсалютна ўсе бізнесоўцы, набліжаныя да Лукашэнкі, маюць на балансе стратныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: тытунёвы магнат Павел Тапузідзіс атрымаў ад уладаў калгас-банкрут у Любанскім раёне, зброевы магнат Уладзімір Пефціеў – у Пастаўскім раёне.

belsat.eu

Стужка навінаў