Алег Манаеў: Проста дайце людзям свабоду!


Аналізуючы сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, сацыёлаг Алег Манаеў параўноўвае яе з тою, што склалася ў Савецкім Саюзе напрыканцы 1970-х – пачатку 1980-х гг., калі для моладзі фактычна не было перспектываў. «Гэта называлася эпохаю застою, калі вось гэтыя «ліфты», што падымалі людзей наверх па кар’ернай лесвіцы, былі амаль заблакаваныя, – зазначае эксперт. – Цяпер усё часцей адмыслоўцы праводзяць такую аналогію, што Беларусь пачала нагадваць тыя часы. «Ліфты» пачынаюць блакавацца самымі рознымі абставінамі».

Шмат для каго з беларусаў адзіным выйсцем з сітуацыі падаецца выезд на сталае месца жыхарства ў іншыя краіны. Аднак Алег Манаеў мяркуе, што маштабы ўцечкі мазгоў могуць пераацэньвацца і што за мяжу з’язджаюць не так шмат спецыялістаў. Паводле афіцыйнае статыстыкі, на сталае месца жыхарства штогод з Беларусі выязджаюць некалькі тысячаў чалавек. Непакоіць іншая лічба – колькі беларусаў хацелі б з’ехаць з краіны, калі б з’явілася такая магчымасць. «На такое пытанне падчас даследавання, што праводзілася два месяцы таму, амаль 46 % адказалі, што хацелі б з’ехаць», – зазначае сацыёлаг.

«Трэба раздзяляць рэальны працэс міграцыі (ён не надта маштабны) і патэнцыял. Патэнцыял, вядома, вялізарны. Калі ўявіць сабе звычайную нармальную краіну, не важна, ці то на захадзе, ці то на ўсходзе, ці то ЗША, Канада ці Японія, такіх лічбаў там і блізка няма, – гаворыць Алег Манаеў. – Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што ў грамадстве, дзяржаўнай сістэме, рынку працы штосьці не так».

Эксперт лічыць, што цяпер настаў час «адчыніць усе шлюзы», а менавіта – рэфармаваць эканоміку, падатковую сістэму, даць свабоду прыватным прадпрымальнікам. «Трэба праводзіць таксама палітычныя рэформы, у сацыяльнай сферы. А калі казаць зусім проста – даць людзям свабоду, якой за апошнія гады беларусы маюць менш, чым гадоў 17–18 таму», – падкрэсліў Алег Манаеў.

belsat.eu

Стужка навінаў