Дашкевіч: Дазволілі пісаць, што ў мяне ўсё добра! Пішу: у мяне ўсё добра!


Змітра Дашкевіча перавялі са штрафнога ізалятара ў памяшканне камернага тыпу, яму цяпер можна чытаць і пісаць лісты. Пра гэта ён паведаміў у лісце сваёй нявесце Насце Палажанцы.

«Гэта больш мяккае ўтрыманне, чым у штрафным ізалятары, у якім амаль два месяцы заставаўся Зміцер, – гаворыць Палажанка. – У ПКТ ён можа чытаць, пісаць лісты. Гэта значыць, умовы ў ПКТ набліжаны да камеры ў СІЗА на Валадарскага».

Дашкевіч у першым лісце Палажанцы напісаў: «Мне дазволілі пісаць, што ў мяне ўсё добра! Пішу: у мяне ўсё добра!»

«Я ведаю Змітра, і дадатковых словаў, каб зразумець тое, што ён хацеў змясціць тут, мне не трэба. Усе, хто калі-небудзь быў у зняволенні і прайшоў праз цэнзуру сваіх паведамленняў, ведаюць, як і што трэба пісаць, каб твае лісты ўсё ж убачылі блізкія. Зміцер не губляе сілаў і ніякім чынам не хоча турбаваць нас», – кажа Наста.

Яна паведаміла, што атрымала ад Змітра два лісты адначасова. «У другім лісце Зміцер піша, што, магчыма, пераводам яго ў СІЗА і ПКТ адміністрацыя калоніі рыхтуе ў дачыненні яго яшчэ адну справу – на падставе артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі»). Санкцыі згодна з гэтым артыкулам прадугледжваюць пазбаўленне волі да двух гадоў», – адзначыла Палажанка.

Паводле яе, Дашкевічу забаранілі атрыманне перадачаў і абмежавалі магчымасць штосьці набываць у мясцовай краме. «Зміцер таксама паведаміў, што да яго ніхто не звяртаўся ні з якімі прашэннямі аб памілаванні, але дадаў: «Я нездарма ўзяў гэты крыж, каб так проста здавацца», – распавяла нявеста палітыка.

Змітра Дашкевіча разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым затрымалі ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 г. Іх абвінавацілі ў збіванні двух менчукоў. Затрыманне маладых палітыкаў прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў і акцыі апазіцыі. 24 сакавіка суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў