Рэкламная кампанія «Белсату» на мяжы з Беларуссю


Працягваецца рэкламная кампанія першага незалежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат», адрасаваная беларусам, якія перасякаюць мяжу з Польшчаю. Месяц таму, 16 ліпеня, на польскім баку ўздоўж дарогаў, якія вядуць да памежных пераходаў у Кузніцы Беластоцкай, Баброўніках і Тэрэспалі, з’явіліся рэкламныя шчыты памерам 12,3х3,8 м з дэвізам кампаніі: «Пара змяніць канал». Такім чынам замест праграмы Беларускага дзяржаўнага тэлебачання беларусам прапаноўваецца глядзець «Белсат». На білбордах змешчаная таксама рэклама інфармацыйнага парталу «Белсату»: www.belsat.eu.

Дзякуючы аптымальнаму разяшчэнню рэкламныя шчыты добра бачныя і тым, хто едзе ў кірунку Беларусі, і тым, хто заязджае ў Польшчу. Паводле звестак Памежнай варты Польшчы, праз тры памежныя пераходы, абраныя для правядзення кампаніі, летась мяжу перасеклі амаль 5 млн чалавек. З 16 ліпеня да 16 жніўня 2011 г. больш за 536 тыс. асобаў. Значную частку складалі беларусы, пераважна жыхары польска-беларускага памежжа.

«У Беларусі «Белсату» пастаянна ствараюць перашкоды ў рэкламнай дзейнасці, а вонкавая рэклама нашае маркі наогул не магчымая. Таму гэтыя рэкламныя шчыты вельмі важныя для нас. Штодня да канца года іх будуць бачыць тысячы беларусаў», – падкрэслівае дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

За афармленне кампаніі адказвае група прамоцыі «Белсату». Графічны праект распрацаваў Павэл Пагода. Кампанію ажыццяўляе фірма «Maxus-Warszawa» на даручэнне Бюро маркетынгу Польскага тэлебачання.

Стужка навінаў