У Беларусі з’явіцца 7 новых школаў, закрыецца – 65


Пра гэта паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно на прэс-канферэнцыі ў Менску.

“На жаль, колькасць школаў памяншаецца. Прычына – дэмаграфічная сітуацыя”, – адзачыў намеснік міністра. Але чыноўнік не траціць аптымізму: паводле ягоных звестак, дэмаграфічная сітуацыя палепшыцца ў 2015 г.

Як заявіў Фарыно, закрываюцца пераважна малакамплектныя школы – у іх вельмі цяжка якасна наладзіць навучальны працэс. Перад прыняццем рашэння аб закрыцці школы ацэньваюцца магчымасці развіцця гэтага населенага пункту. “Калі дзеці ў перспектыве будуць напаўняць гэтую ўстанову адукацыі, то мы ніколі не ідзем на яе закрыццё”, – сказаў намеснік міністра. Абавязковаю ўмоваю пры закрыцці школы таксама застаецца працаўладкаванне педагогаў і вырашэнне ўсіх арганізацыйных праблемаў, звязаных з падвозам дзяцей у школы іншых населеных пунктаў.

Агулам у новым навучальным годзе будуць працаваць 3440 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх будуць вучыцца каля 920 000 чалавек, у тым ліку прыкладна 87 000 першакласнікаў.

На пытанне, ці вядома, у якую школу пойдзе 1 верасня Коля Лукашэнка, намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно лаканічна адказаў: “Не”.

belsat.eu

Стужка навінаў