Фядыніч: У законнасці «Народнага сходу» ўлады не сумняюцца


Арганізатары акцыі спасылаюцца на палажэнні Закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Ініцыятарам правядзення гарадскога (або мікрараённага, вулічнага ці дваровага) мясцовага сходу мае быць група грамадзянаў (хоць бы два чалавекі), якія мусяць сабраць подпісы не менш як 10 % грамадзянаў, што жывуць у гэтым горадзе, мікрараёне, вуліцы, двары ці доме.

“Гэтая законная ініцыятыва грамадзянаў падмацаваная Законам аб мясцовых і рэспубліканскіх сходах. І мы будзем праводзіць іх у адпаведнасці з законам. Ніякіх правакацыяў з боку нашых людзей не будзе і не мае быць. Не факт, што 8 кастрычніка будзе нейкі вырашальны пераварот. Мы да гэтага не імкнемся. Гэта будзе першы крок, каб наладзіць дыялог. Калі ва ўладаў хопіць мудрасці – яны гэта зробяць. Калі не хопіць – думаю, прорва паміж уладамі ды народам стане значна большаю”, – сказаў лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

“У законнасці нашага сходу ўлады не сумняюцца. У Буда-Кашалёве былі сканфіскаваныя нашы ўлёткі міліцыяй, і праз тры дні іх вярнулі з прабачэннямі. Раней такога не было, – паведаміў Фядыніч. – У нас сёння ёсць кантакты з прадстаўнікамі бізнесу, якія гатовыя ўкласці сродкі, каб арганізаваць да ці пасля нашага сходу культурныя імпрэзы”.

У сваю чаргу Уладзімір Някляеў агучыў інфармацыю з неназванай крыніцы пра тое, што ў Беларусі фармуюць “новы жандарскі полк”: “Яны прааналізавалі маўклівыя акцыі, якія веерам раскінуліся па ўсёй Беларусі, што ім не хапае сілаў, каб душыць народны супраціў. І гэта ў час сістэмнага крызісу – як быццам знайшліся сродкі, каб пракарміць яшчэ адзін полк людзей з дубінкамі”.

Акцыю “Народны сход” плануецца правесці 8 кастрычніка ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ды ў Менску. Ініцыятары правядзення сходаў маюць намер выставіць патрабаванні да ўладаў: палепшыць матэрыяльны стан людзей, а таксама развязаць побытавыя праблемы.

belsat.eu

Стужка навінаў