Саннікаў вырабляе гофра-кардонныя скрыні ды піша казку для сына


Ірына Халіп спадзяецца, што ў верасні атрымае доўгатэрміновае спатканне з мужам.

“Андрэй сказаў, што напісаў адпаведную заяву – і спатканне, імаверна, будзе ў верасні. Я пажартавала, ці нельга паскорыць працэс, бо раптам яго вызваляць раней. На гэта Андрэй адказаў, што ні на хвіліну не пашкадуе аб страчанай магчымасці”, – распавяла “Белсату” Ірына Халіп.

Спатканне Ірыны Халіп і Андрэя Саннікава адбылося сёння і доўжылася дзве гадзіны. Сужэнцы размаўлялі па тэлефоне праз шкло. “Было вельмі незвычайна бачыць мужа ў турэмнай робе з біркаю “Саннікаў А. А. Брыгада № 30”, ды яшчэ і з паголенаю галавою, без вусоў і барады. Я нават спачатку і не пазнала яго”, – гаворыць Ірына Халіп.

Экс-кандыдат на прэзідэнта ў калоніі вырабляе гофра-кардонныя скрыні, а ў вольны час імкнецца пісаць працяг казкі пра мышанят для малога сына Даніка, хоць гэтага вольнага часу амаль і не застаецца. Як распавёў жонцы Андрэй Саннікаў, парадак у калоніі досыць жорсткі, усё робіцца згодна з інструкцыямі. А яшчэ там квітнее сістэма даносаў: “Усё пабудавана так, што шмат хто ідзе ў стукачы за магчымасць атрымаць дадатковае спатканне ці перадачу. Але такіх людзей не складана вылічыць, бо падыходзяць яны, са словаў Андрэя, звычайна са стандартным наборам пытанняў”, – гаворыць спадарыня Халіп.

За час зняволення Андрэю Саннікаву давялося пабачыцца з Алесем Кіркевічам. Што да яшчэ аднаго палітычнага вязня Наваполацкай калоніі Мікіты Ліхавіда, то, з размоваў паміж зняволенымі можна меркаваць, што пасля вызвалення з карцару юнака збіраюцца накіраваць у турму: “Андрэй казаў, што Мікіту ўсе вельмі паважаюць, падтрымліваюць ды імкнуцца пры любой магчымасці падкарміць яго ці перадаць што-небудзь смачнае”.

Былы кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў за “арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках” быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Ягоная жонка, журналістка Ірына Халіп “за ўдзел у дзеяннях, што груба парушылі грамадскі парадак” – на 2 гады з адтэрмінаваннем пакарання на гэткі ж тэрмін.

belsat.eu

Стужка навінаў