Чыноўніца літоўскага Мінюсту звольнілася з-за арышту Алеся Бяляцкага


Міністр юстыцыі Рэмігіюс Шымашус знайшоў заяву аб звальненні кіраўніцы Дэпартаменту міжнароднага права Аўшры Бярнаціене, калі вярнуўся ў міністэрства пасля сустрэчы з прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайце.

Міністр задаволіў просьбу Бярнаціене і падкрэсліў: “Такая захада кіраўніка дэпартаменту не азначае, што не будзе працягвацца расследаванне ўсіх акалічнасцяў гэтага інцыдэнту”.

Расследаваннем інцыдэнту займаецца працоўная група ў складзе прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства замежных справаў, Міністэрства ўнутраных справаў, Генеральнай пракуратуры, Дэпартаменту дзяржбяспекі ды Службы расследавання фінансавых злачынстваў Літвы.

Паводле Шымашуса, ён паважае рашэнне начальніцы дэпартаменту і мяркуе, што “яно паказвае ейнае стаўленне да сваіх абавязкаў і да непаразумення, што адбылося. Цяпер у гэтай гісторыі галоўнае – гарантаваць, што надалей такія сітуацыі не будуць паўтарацца. Каб інструменты прававой дапамогі не выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, мы мусім знайсці эфектыўны механізм і забяспечыць зладжаную і своечасовую супрацу паміж усімі ўстановамі”, – адзначыў кіраўнік літоўскага Міністэрства юстыцыі.

Грыбаўскайце сёння запатрабавала ад Шымашуса “жорстка і неадкладна” ацаніць узровень адказнасці службовых асобаў Міністэрства юстыцыі, якія накіравалі ў Беларусь інфармацыю”. Яна таксама адзначыла, што інцыдэнт з Бяляцкім выявіў выразную нястачу міжведамаснай каардынацыі ў Літве.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў Менску 4 жніўня. Ён абвінавачваецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Бяляцкаму пагражае турэмнае зняволенне да 7 гадоў.

Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Менск Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генпракуратураю Польшчы ў межах дзейных з Беларуссю дамоваў аб прававой узаемадапамозе. У літоўскім і польскім ведамствах заявілі, што Менск злоўжыў механізмам міжнароднай прававой дапамогі дзеля расправы з беларускім праваабаронцам.

Міністэрства юстыцыі Літвы заявіла аб прыпыненні прававога пагаднення з Беларуссю. Генпракуратура Польшчы прыпыніла дзеянне дамовы часткова.

Скандал вакол арышту Бяляцкага ўжо стаў прычынаю адстаўкі кіраўніка дэпартаменту міжнароднай супрацы польскай Генпракуратуры і ягонага намесніка.

belsat.eu

Стужка навінаў