На культуру дадалі грошай – 550 млн рублёў


Лукашэнка зацвердзіў рашэнне свайго ж фонду ў галіне падтрымання культуры і мастацтва. З бюджэту выдаткуюць 550 млн руб. Паводле зацверджанага дзяржбюджэту на 2011 г., фінансаванне культуры складае 1028 млрд руб. Для параўнання – на патрэбы міліцыі выдаткоўваюць 5704 млрд руб.

Куды пойдуць грошы? Пераважна на абнаўленне дзяржаўных галерэяў, пастаноўкі абласных тэатраў і патрэбы народных калектываў. 22 млн руб. накіруюць на мастацкую выставу, прысвечаную 120-годдзю Максіма Багдановіча. Пры гэтым 40 млн спатрэбілася на выданне рэкламных буклетаў кінастудыі “Беларусьфільм”.

Але найменш грошай дадуць гомельскаму палацу Румянцавых і Паскевічаў. Як паведаміла загадчыца навукова-асветніцкага аддзелу Надзея Брагіна, з фонду выдаткуюць толькі 10 млн руб. “Мы плануем набыць карціны мастака Ігара Сямекі. На астатнія праекты будзем шукаць альтэрнатыўнае фінансаванне. Сёлета Гомель – культурніцкая сталіца Саюзнай дзяржавы, запланавана шмат імпрэзаў”.

На меркаванне эканамісткі Ірыны Урбан, цяпер улады могуць пайсці толькі на фінансаванне буйных праектаў у сектары дзяржбяспекі, праваахоўнай дзейнасці. “Пры сённяшняй уладзе культура заўсёды займала адну з самых нізкіх пазіцыяў у дзяржбюджэце – адсюль і самыя нізкія заробкі працаўнікоў гэтай сферы ў дзяржсектары. Напрыклад, выдаткі на органы ўнутраных справаў сёлета павялічылі на 43 %, на органы дзяржаўнай бяспекі – на 42 %, мытныя органы – на 47 %. Гэта пры тым, што гэтыя сферы і без таго былі лідарамі ў атрыманні датацыяў”.

belsat.eu

Стужка навінаў