Польшча часткова прыпыняе дзеянне пагаднення з Беларуссю


Пра гэта стала вядома падчас супольнага закрытага пасяджэння камітэтаў міжнародных справаў і сувязяў з палякамі замежжа Сейму Польшчы. Сустрэча прысвячалася скандалу з выдачаю ўладам Беларусі інфармацыі пра банкаўскі рахунак праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Як паведамляе польскае выданне «Gazeta Wyborcza», у пасяджэнні ўзяў удзел генпракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт. Чальцы камітэтаў хацелі даведацца, якія высновы ён зрабіў з сітуацыі з Бяляцкім, заявіў кіраўнік камітэту міжнародных справаў Анджэй Халіцкі.

Сэрэмэт паведаміў дэпутатам, што адным з вынікаў справы Бяляцкага ёсць частковае прыпыненне польска-беларускага пагаднення аб супрацы пракуратураў. Размова ідзе аб прыпыненні супрацы «на ніжнім узроўні», удакладніў ён.

Частка дэпутатаў дамагалася прыпынення дзеяння ўсяго пагаднення, але Сэрэмэт выступіў супраць. Паводле яго, гэты дакумент дапамагае расследаваць звычайныя крымінальныя злачынствы і рэгуляваць сітуацыі са шлюбамі паміж грамадзянамі розных краінаў.

Інфармацыю пра рахункі Бяляцкага ўладам Беларусі перадалі Міністэрства юстыцыі Літвы і Генеральная пракуратура Польшчы. І ў Вільні, і ў Варшаве заявілі, што ўлады Беларусі злоўжылі сістэмаю міжнародных працэдураў і дагавораў для рэпрэсіяў супраць уласных грамадзянаў.

belsat.eu

Стужка навінаў