Міхаіл Падаляк: Лукашэнка не гулец, ён нікому не цікавы


«Ягонае меркаванне мала каго цікавіць, ягоныя паводзіны мала як адбіваюцца на энергетычным рынку, на глабальным эканамічным рынку. Усе ягоныя праекты ды ініцыятывы не маюць ніякага рэзанансу на знешніх рынках. Адпаведна «ўкладвацца» Венесуэле ці Ірану ў праграму пад назваю «Лукашэнка» бессэнсоўна», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» вядомы ўкраінскі журналіст і аналітык Міхаіл Падаляк, каментуючы паездку Аляксандра Лукашэнкі ў Катар.

Аналітык упэўнены, што такія візіты Аляксандра Лукашэнкі ўсё часцей носяць прапагандысцкі характар і насамрэч не маюць ніякага эканамічнага эфекту для краіны. «Візіт у Катар – чыста прапагандысцкая паездка для «ўнутранага карыстання» і для нейкай псіхалагічнай разрадкі самога Лукашэнкі. Паехаў, зрабіў выгляд, што вырашыў дамовіцца з сур’ёзнымі мужыкамі пра сур’ёзныя праекты. Ён хоча паказаць, што ён чагосьці варты на глабальным рынку, але гэта смешна», – дадаў Міхаіл Падаляк.

«Для Катару больш важныя стабільныя адносіны з Расеяй, чым з Беларуссю. Калі Расея праявіць хаця б здзіўленне з таго, што Катар і Беларусь вядуць нейкія сур’ёзныя перамовы пра сур’ёзныя намеры, Катар хуценька зверне ўсё гэта і больш не будзе рэагаваць на раздражняльнік пад назваю Беларусь, – упэўнены Міхаіл Падаляк. – Трэба зразумець адну рэч: Лукашэнка – не гулец. Лукашэнка заўсёды блефуе, ён не гулец, які можа прапанаваць штосьці, што можна купіць».

Украінскі аналітык таксама сумняецца ў перспектыўнасці дыверсіфікацыі паставак вуглевадародаў у Беларусь. «Гэта смешна і не вытрымлівае ніякай крытыкі. Беларусь вельмі моцна завязаная на расейскую энергетычную сістэму, на жаль. І гэты перакос толькі ўзмацняецца», – падкрэсліў Міхаіл Падаляк.

belsat.eu

Стужка навінаў