Рымашэўскі: Кожны дзень за кратамі каштуе чалавеку здароўя


Удзельнікі праваабарончага форуму, які прайшоў 17 жніўня ў Магілёве, запатрабавалі спыніць ціск на палітзняволеных у турмах. Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай паводле вынікаў форуму.

У заяве падкрэсліваецца, што палітвязні апынуліся ў турмах не за крымінальныя злачынствы, а за выказванне сваёй нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў 2010 г., якія нельга лічыць сумленнымі ды празрыстымі.

Удзельнікі форуму запатрабавалі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, зняць накладзеныя на іх судом абмежаванні ды асуджанасці, спыніць пераслед на месцы працы і навучання ўдзельнікаў мірнай акцыі 19 снежня 2010 г. Яны патрабуюць спыніць ціск на актывістаў, якіх трымаюць у турмах, калоніях і следчых ізалятарах.

Гэтую заяву перададуць у кіраўніцтва Дэпартаменту выканання пакаранняў у Магілёўскай вобласці, абласную пракуратуру, упраўленне ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму і КДБ па Магілёўскай вобласці.

“Адною з мэтаў форуму, – паведаміла намесніца старшыні міжнароднага грамадскага аб’яднання “Малады фронт” Настасся Палажанка, – было пазнаёміць грамадскіх актывістаў у Магілёве са сваякамі палітвязняў. Каб яны мелі магчымасць азнаёміцца з сітуацыяй, якая склалася, адчуць тыя жывыя гісторыі ды той боль, з якімі жыве кожны сваяк палітвязняў. На Магілёўшчыне адбывае пакаранне палова палітвязняў, якія ёсць сёння ў Беларусі, каля 15 чалавек. Чым больш людзі, да прыкладу, у Шклове будуць ведаць, што ў іхным невялікім горадзе застаецца адзін з кандыдатаў на прэзідэнта Мікалай Статкевіч, тым будуць лепш усведамляць сітуацыю, якая склалася ў краіне”.

“Падштурхнула нас да правядзення такіх форумаў, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кандыдат на прэзідэнта Беларусі на выбарах 2010 г. Віталь Рымашэўскі, – і стаўленне да палітвязняў, якія сёння за кратамі. У прыватнасці, да Змітра Дашкевіча – да яго не пускаюць адваката, і паводле тых звестак, што даходзяць, чалавека папросту спрабуюць фізічна і псіхалагічна зламаць. У перспектыве ўлады абяцаюць адпусціць палітвязняў, – магчыма, гэта будзе і хутка, але кожны дзень за кратамі можа каштаваць чалавеку як мінімум здароўя. Мы не мусім гэтага дапусціць”.

belsat.eu

Стужка навінаў