Чэхія не здавала Алеся Бяляцкага


Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Чэхіі Віт Коларж.

“Мы не выявілі, каб пры нейкіх абставінах у нейкіх пытаннях мы адказалі ўладам Беларусі адносна банкаўскіх рахункаў беларускіх грамадзянаў”, – адзначыў Коларж.

“Гэтае пытанне ўзнялі журналісты, і я думаю, гэта было памылковае падазрэнне”, – сказаў ён.

“Вядома, мы бачылі гэтую інфармацыю, і пачалі правяраць, ці праўда гэта. Звязаўшыся з усімі магчымымі ведамствамі, мы не знайшлі ніякіх прыкметаў таго, каб чэшскі бок перадаў беларускаму рэжыму нейкую інфармацыю пра банкаўскія рахункі беларускай апазіцыі”, – заявіў у інтэрв’ю радыё “Český rozhlas” кіраўнік еўрапейскага аддзелу Міністэрства замежных справаў Чэхіі Яраслаў Курфюрст.

Сітуацыю вакол рахункаў беларускіх апазіцыянераў ён расцэньвае як “наўпроставае злоўжыванне міжнароднымі механізмамі ды канвенцыямі, створанымі дзеля зусім іншых мэтаў”.

Міністэрства юстыцыі Чэхіі заяўляе, што “не рэгістравала ў сувязі з Беларуссю ніякага спісу падобнага кшталту”.

“Можна толькі сказаць, што міністэрства прававой дапамогі ў гэтай сувязі не аказвала, і пра яе не прасілі. З улікам таго, што чэшскія суды не могуць узаемадзеяць з Беларуссю наўпрост, можна таксама з вельмі вялікаю імавернасцю выключыць і тое, што згаданым запытам займаліся чэшскія суды”, – сказала ў інтэрв’ю “Český rozhlas” прэс-сакратар чэшскага Міністэрства юстыцыі Тэрэза Полачкава.

12 жніўня інфармацыйнае агенцтва Baltic News Service (BNS) паведаміла, што Чэхія перадала ўладам Беларусі звесткі пра банкаўскія рахункі беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага – услед за Літвою і Польшчаю. “Прадстаўнікі дзвюх літоўскіх установаў пацвердзілі журналістам BNS, што, згодна з іхнымі звесткамі, Чэшская Рэспубліка таксама накіравала ў Беларусь банкаўскія рэквізіты Бяляцкага”, – гаварылася ў паведамленні.

Звесткі пра замежныя банкаўскія рахункі Бяляцкага, што паступілі ў Менск, зрабіліся падставаю для ягонага арышту. Праваабаронца падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры і з 4 жніўня застаецца пад арыштам.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары