Танкачова: Польскія службы не могуць дамовіцца паміж сабою


Праваабаронца мяркуе, што недахоп дамоўленасцяў як паміж еўрапейскімі палітыкамі, так і ўнутры асобных краінаў значна ўплывае на аказанне дапамогі палітзняволеным.

«Еўрапейская стратэгія і палітыка не да канца скаардынаваныя паміж палітычнымі заявамі, палітычным падтрыманнем і забеспячэннем механізмаў бяспекі тых людзей, якія ажыццяўляюць у Беларусі пэўную дзейнасць, што ўваходзіць у зону рызыкі, у прыватнасці праваабарончую. Гэтая сітуацыя паўплывае на змену фармату працы. Яна ўжо цяпер сур’ёзна ўплывае на тэмп працы, уплывае ў бок пагаршэння», – зазначыла праваабаронца, кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

Яна падкрэсліла: арышт кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» ў такі знакавы для краіны перыяд ёсць доказам таго, што сродкі на рахунках Бяляцкага не лічаць ягонымі асабістымі не толькі праваабаронцы і міжнародная супольнасць, але і ўлады Беларусі. «Гэта сродкі, неабходныя для арганізацыі праваабарончай дзейнасці і падтрымання рэпрэсаваных», – удакладніла Алена Танкачова.

Праваабаронца падкрэслівае, што польскія ўлады да сённяшняга дня не праінфармавалі, чые яшчэ рахункі былі выдадзеныя ўладам Беларусі і хто такім чынам застаецца пад пагрозаю крымінальнага пераследу.

«Гэта выклікае занепакоенасць, бо відавочна, што польскія службы не могуць дамовіцца паміж сабою, у прыватнасці, імаверна, Міністэрства замежных справаў і Генеральная пракуратура», – гаворыць Алена Танкачова.

belsat.eu
https://youtu.be/Z3DacOvC6n4

Глядзі таксама
Каментары