Улады Горадні хочуць, каб бізнесоўцы заняліся рэстаўрацыяй


Улады заявілі пра тое, што гатовыя выдзеліць 20 млрд руб. на развіццё малога бізнесу ў рэгіёне.

Паводле намесніка Гарадзенскай абласной установы фінансавага падтрымання прадпрымальнікаў Аляксандра Шухно, прыярытэт – рэканструкцыя пустуючых будынкаў у цэнтры гораду пад турыстычныя аб’екты і стварэнне новых турыстычных цэнтраў – з гатэлямі і кавярнямі. Ужо вядома, што першая рэканструкцыя закране дом па вул. Кірава, 41 – цяпер ён пустуе і завешаны рэкламай арэнды. Тут размесціцца кафэ-бістро «Верасень»

За межамі гораду на прыярытэтнае падтрыманне маюць шанец праекты, накіраваныя на развіццё новастворанага рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал». «Прыкладна 5 мільярдаў рублёў будуць накіраваныя ў рэгіён. Фінансаванне праекту зацверджанае ўвесну на паседжанні аблвыканкаму, таму крызіс не паўплывае на выдзяленне грошай», – кажа Аляксандр Шухно.

«Беларусбанк» па гэтым праекце прапаноўвае бізнесоўцам крэдыт на тэрмін да 5 гадоў пад 13 % гадавых. Але з ростам інфляцыі адсоткавая стаўка можа змяняцца – у кантракце закладзеныя нормы стаўкі рэфінансавання, якая ў сённяшняй крызіснай сітуацыі можа павялічвацца.

У выпадку са стварэннем новых турыстычных аб’ектаў нельга забывацца на захаванне гістарычнай спадчыны, мяркуе гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. «Тут трэба развесці справу развіцця бізнесу і справу захавання помнікаў, – перакананы ён. – Улады дэманструюць выбарачны кантроль інвестараў. Напрыклад, ужо доўгі час цягнецца праблема з рэканструкцыяй рэстарацыі «Беласток». Менскія бізнесоўцы знеслі 4/5 будынку і ўжо другі раз пратэрміноўваюць здачу аб’екту. З гэтай нагоды вясною мы звярнуліся ў пракуратуру, бізнесоўцам выпісалі штраф, але будынак дагэтуль у разбураным стане».

Дарэчы, у аблвыканкаме паведамілі, што кампаніі «Фертэка» дазволілі ўжо трэці раз перанесці дату здачы аб’екту.

belsat.eu

Стужка навінаў