У Менску забаранілі канцэрт гурта «Neuro Dubel»


Запланаваны на 19 жніўня ў менскай кавярні «Loft» канцэрт гурта «Neuro Dubel» не адбудзецца. Лідар гурта Аляксандр Кулінковіч звязвае адмену канцэрту з існаваннем у Беларусі так званых чорных спісаў дзеячаў культуры, чые выступы на публіцы і ў медыях не пажаданыя.

«На мінулым тыдні я даведаўся, што кіраўніцтва кавярні «Loft» было выкліканае ў адміністрацыю раёну, і ім сказалі: «Вы ж разумееце…» І ў добраахвотна-прымусовай форме папрасілі падумаць, ці праводзіць гэтую імпрэзу», – паведаміў арганізатар канцэрту Павел Кашырын.

Паводле яго, правесці канцэрт «Neuro Dubel» адмовіўся шэраг сталічных клубаў. Гаспадароў клубаў можна зразумець, бо яны баяцца, адзначыў Кашырын.

«Уся гэта сітуацыя з забаронамі і чорнымі спісамі проста ідыёцкая. Мы наогул не разумеем, чаму мы апынуліся ў гэтых спісах. Проста мы жылі сабе спакойненька, цішэй вады, ніжэй травы, нікога не чапалі, займаліся выключна музыкаю. І тут нас ізноў рэзка ткнулі ў палітыку чамусьці», – кажа Аляксандр Кулінковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў