Віцебшчына: Стартаваў праект самастойнага жыцця для інвалідаў


Стваральнікі ўпэўненыя, што гэта дапаможа людзям з асаблівасцямі развіцця лепш адаптавацца ў грамадстве.

Зрабілі яго на базе дзяржаўнага дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Багушэўску. Інтэрнат атрымаў грант ад ірландскай дабрачыннай арганізацыі. «Цягам чатырох гадоў мы мэтанакіравана рыхтавалі 12 навучэнцаў дому-інтэрнату да самастойнага жыцця, – кажа дырэктар Віктар Сувораў. – Яны атрымалі базавыя навыкі самаабслугоўвання, гатавання ежы, сельскагаспадарчай працы. Пасля таго як мы атрымалі ад ірландскіх партнёраў дапамогу памерам 150 мільёнаў рублёў, побач з інтэрнатам вырашылі пабудаваць два асобныя дамы. Тут цяпер жыве 12 хлапцоў і дзяўчат ва ўзросце ад 20 да 32 гадоў».

Падобны праект ужо некалькі гадоў рэалізуецца ў Менску. Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам арганізавала інтэрнат, дзе штомесяц новыя дзяўчаты і хлопцы спрабуюць пажыць у асяроддзі аднагодкаў, асобна ад сваіх бацькоў. «Часта бацькі і сацыяльныя працаўнікі бяруць выкананне хатніх абавязкаў на сябе. Яны баяцца, што дзеці параняцца або занадта марудна будуць выконваць працу. У выніку дзеці не ўмеюць рабіць элементарнага – абслугоўваць самі сябе. Для таго каб адчуваць сябе камфортна ў грамадстве, гэта неабходна», – распавядае каардынатарка праекту Марыя Сінякевіч.

Дырэктарка ГДА «Гарадзенскі дзіцячы хоспіс» Вольга Шульга лічыць, што сістэма аказання дапамогі людзям з асаблівасцямі развіцця з боку дзяржавы робіцца неэфектыўнаю. «Усё больш даецца рыбы, але не вудаў – інваліды пачуваюцца прыстасаванцамі ў грамадстве. Некаторых гэта нават задавальняе. Але трэба ствараць умовы, каб людзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця працавалі, жылі асобна, стваралі сем’і, – толькі тады яны пачуюцца паўнавартасна. Мінімальная грашовая дапамога раз на месяц не вырашае гэтага пытання», – адзначыла эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў