Агнешка Рамашэўская-Гузы і "Белсат" намінаваныя на прэмію імя Ежы Гедройця


Прэмія імя Ежы Гедройца, народжанага ў Менску легендарнага рэдактара парыжскага часопісу “Культура”, прызначаецца за заслугі перад нацыянальнымі інтарэсамі Польшчы, асабліва за падтрыманне добрых кантактаў з народамі Усходняй Еўропы. Сёлета ўганараванне пройдзе 9 лістапада ў Каралеўскім замку ў Варшаве, у прысутнасці прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага.

Тэлеканал “Белсат” – першы і адзіны незалежны тэлеканал у Беларусі. Дзякуючы яму была пераадоленая манаполія дзяржаўнага тэлебачання на асвятленне падзеяў. Галоўная задача “Белсату” – падаваць дакладную і аб’ектыўную інфармацыю ды падаваць сапраўдную гісторыю Беларусі. Гэта таксама адзіны тэлеканал у Беларусі, які ўсе свае праграмы транслюе на беларускай мове.

– “Белсат” ставіць перад сабою найперш доўгатэрміновыя мэты: падтрыманне беларускай самаідэнтыфікацыі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь ды выпрацоўванне ў іх пачуцця супольнасці ды грамадзянскай свядомасці. Побач з палітычнымі чыннікамі, гэта гарантыя існавання незалежнай беларускай дзяржавы, – сказала Агнешка Рамашэўска-Гузы, кіраўніца і сустваральніца тэлебачання “Белсат”. – Наш канал служыць ўзмацненню згаданых працэсаў, што істотна з гледзішча Польшчы. Сёння, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, найлепшым прыкладам выконвання нашай місіі можа быць сумленная прэзентацыя ўсіх кандыдатаў і асвятленне самой кампаніі. Беларусь, насуперак прапагандзе ўладаў, застаецца краінаю, дзе няма свабоднага абмену думкамі, а незалежныя медыі дагараюць”.

Ідэя, якая ўжо 3 гады рэалізоўваецца Агнешкаю Рамашэўскаю-Гузы ды тэлеканалам “Белсат”, дакладна адлюстроўвае адну з думак Ежы Гедройца, што ацэнка Польшчы Захадам у значнай ступені залежыць ад стаўлення да яе Усходу.

“Белсат” зазнаў падтрыманне Еўрапейскага Парламенту, які двойчы ў 2008 годзе і апошні раз 17 снежня 2009 г. згадаў тэлеканал у сваіх рэзалюцыях аб дэмакратызацыі Беларусі, заклікаючы Раду і Еўрапейскую Камісію прызначыць фінансавае падтрыманне ды “аказаць ціск на ўрад Беларусі ў справе афіцыйнай рэгістрацыі “Белсату”.

Сёлета ўручаць Х прэмію імя Ежы Гедройца. Сярод намінаваных – дзевяць асобаў і ўстановаў. Апроч Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і тэлебачання “Белсат”, гэта старшыня Еўрапейскага Парламенту Ежы Бузэк, сустрашыня Польска-расейскай групы ў развязанні складаных пытанняў праф. Адам Даніель Ротфэльд, Войцех Дуда і “Палітычны агляд”, Басіль Кэрскі, Войцех Заянчкоўскі, Томаш Петрасевіч і Люблінскі аддзел Польскага тэлебачання (TVP) “Гарадская брама – Тэатр NN”, былы дырэктар Польскай службы радыё “Свабода” Здзіслаў Найдэр, Анджэй Бжэзецкі, Малгажата Ноцунь і штодвухмесячнік “Новая Ўсходняя Еўропа”.

Стужка навінаў