Разгул дэмакратыі: У Кыргызстане 83 жадаючых стаць прэзідэнтам


“У Цэнтрвыбаркам з заяваю аб намеры балатавацца на пасаду прэзідэнта звярнуліся 83 кандыдаты”, – паведамілі 16 жніўня агенцтву “Интерфакс-Запад” у прэс-службе Цэнтральнай выбарчай камісіі Кыргызстану.

Вылучэнне завяршылася апоўначы 15 жніўня. Сярод тых, хто падаў заявы, 67 самавылучэнцы, 16 прэзентуюць палітычныя партыі.

Сярод самавылучэнцаў балатавацца на пасаду прэзідэнта Кыргызстану маюць намер некалькі беспрацоўных або часова непрацоўных, у тым ліку былы в. а. генеральнага пракурора Кубатбек Байболаў і былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Амурбек Суваналіеў, фермеры, кіраўнікі сялянскіх гаспадарак, тры журналісты, бізнесоўцы, некалькі былых дзяржаўных чыноўнікаў. Акрамя таго, заявы падалі першы намеснік кіраўніка спецслужбы Марат Іманкулаў, амбасадар Кыргызстану ў Казахстане Жаныш Рустэнбекаў, тры дэпутаты парламенту, два з іх прэзентуюць праўрадавую фракцыю “Ата-Журт” (“Айчына”) – Марат Султанаў і Курманбек Асмонаў, і дэпутат апазіцыйнай фракцыі “Ар-Намыс” (“Годнасць”), кіраўнік парламенцкага бюджэтнага камітэту Акылбек Жапараў.

16 палітычных партыяў Кыргызстану вылучылі кандыдатамі на прэзідэнта пераважна сваіх лідараў, у тым ліку праўладная Сацыял-дэмакратычная партыя выставіла кандыдатам прэм’ер-міністра Алмазбека Атамбаева, апазіцыйная партыя “Бутун Кыргызстан” (“Адзіны Кыргызстан”) – Адахана Мадумарава, Партыя камуністаў – Ісхака Масаліева, праўладная партыя “Ата-Журт” (“Айчына”) – кіраўніка аднайменнай парламенцкай фракцыі Камчыбека Ташыева.

Выбары прэзідэнта прызначаныя на 30 кастрычніка, для ўдзелу ў іх кандыдатам неабходна прайсці рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркаме, дзеля чаго патрабуецца здаць 30 000 подпісаў, сфармаваць выбарчы фонд, заплаціць выбарчы заклад больш як $ 2000, а таксама здаць экзамен на валоданне дзяржаўнаю (кіргізскаю) моваю. У ЦВК мяркуюць, што да рэгістрацыі частка з 83 кандыдатаў можа адсеяцца.

Паводле новай канстытуцыі Кыргызстану прэзідэнт абіраецца на шэсць гадоў, ягоныя паўнамоцтвы абмежаваныя адным тэрмінам.

belsat.eu

Стужка навінаў