Беларусь будзе будаваць па кітайскіх нарматывах


Дзеля таго, каб іх можна было выкарыстоўваць у Беларусі, падрыхтуюць адмысловы ўказ.

Гэту ідэю лабіруе віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які ў свой час быў амбасадарам Беларусі ў КНР. Па ягоным меркаванні кітайскія тэхналогіі ў будаўніцтве будуць карыстныя для нашага рынку. “Іх нарматывы ўвесь час змяняюцца. Будаўніцтва карэктуецца ў залежнасці ад новых тэхналогіяў”, – заявіў ён журналістам.

Ужо вядома, што будаваць кітайцы будуць жылы квартал “Лябяжы” ў сталіцы. Грошы на яго выдаткоўваюць інвестары з КНР, адсюль – патрабаванне дазволіць кітайскія тэхналогіі і прыцягнуць сваіх адмыслоўцаў. Абсталяванне і матэрыялы пакуль выкарыстоўваюцца беларускія.

Нагадаем, што дагэтуль улады Менску далі згоду на будаўніцтва ў сталіцы “Чайна-таўна”. Па меркаванні Тозіка, “гэта дазволіць атрымліваць гарбату і шоўк не праз трэція-чацвёртыя рукі, а напрамую”.

Наконт кітайскага будаўніцтва існуюць супярэчлівыя меркаванні. З аднаго боку, краіна па гэтым паказчыку сапраўды сапраўды стала лідарам у свеце, з іншага – існуюць сур’ёзныя прэтэнзіі адносна якасці.

“Кітайцы працоўныя гатовыя працаваць больш, чым беларусы. Пры гэтым яны не прэтэндуюць на вышэйшы заробак – у гэтым плюс, – кажа эксперт Арцём Вайніловіч. – У той жа час вядома, што кітайцы не заўсёды клапоцяцца пра бяспеку, і калі на адным з этапаў вытворчасці выявіцца пашкоджанне, яны не будуць яго перарабляць. У выпадку з будаўніцтвам гэта вельмі небяспечна. Мы таксама ведаем, што беларускія прадпрыемствы не зусім задаволеныя працай сумесных лінііі па выпуску цэменту, бо лінія часта ламаецца і спыняе сваю працу”.

belsat.eu

Стужка навінаў