Весці працэс аб тэракце ў метро будзе адзін з кіраўнікоў Вярхоўнага Суда


“Злачынства ўнікальнае для нашай судовай сістэмы – і з увагі на цяжар учыненага, і паводле аб’ёму матэрыялаў справы”.

“…глыбока памыляюцца тыя журналісты, якія спрабуюць прадказаць гэтыя тэрміны або ход працэсу. Злачынства ўнікальнае для нашай судовай сістэмы – і з увагі на цяжар учыненага, і паводле аб’ёму матэрыялаў справы. 550 тамоў! Цяпер суддзі Вярхоўнага Суда вывучаюць гэтыя матэрыялы, і часу на гэта пойдзе роўна столькі, колькі прадугледжвае закон. Сёння магу толькі дадаць, што старшыняваць на гэтым працэсе будзе адзін з кіраўнікоў Вярхоўнага Суда краіны”, – заявіў старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала ў інтэрв’ю “Советской Белоруссии”.

У справе выбуху ў менскім метро праходзяць два грамадзяніны Беларусі. Дзмітрыю Канавалаву інкрымінуецца здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 1, 2, 3 арт. 289 (тэрарызм), ч. 2, 3 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 2, 3 арт. 339 (хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), ч. 1 арт. 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Улад Кавалёў абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 6 арт. 16 (дапамога ў злачынстве), ч. 3 арт. 289 (тэрарызм), ч. 3 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 2, 3 арт. 339 ( хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), ч. 2 арт. 405 (хаванне злачынстваў), ч. 1, 2 арт. 406 (неданясенне пра злачынства).

11 красавіка 2011 г. на станцыі “Кастрычніцкая” менскага метрапалітэну спрацавала магутнае самаробнае выбуховае прыстасаванне. 11 чалавек загінулі на месцы, чацвёра памерлі ў шпіталях. Цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 33 чалавекі, менш цяжкія цялесныя пашкоджанні – 70 чалавек. Разам пацярпелі больш за 300 чалавек.

Канавалаў і Кавалёў таксама абвінавачваюцца ў здзяйсненні выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасня 2005 г. і ў Менску 3 ліпеня 2008 г., на Дзень Незалежнасці Беларусі. Як нагадвае агенцтва “Интерфакс-Запад”, у Віцебску ў якасці выбухной прылады выкарыстоўваліся піўныя бляшанкі, напоўненыя металічнымі элементамі, выбухі прагрымелі на прыпынку грамадскага транспарту і на дыскатэцы. Тады пацярпелі каля 50 чалавек, ніхто не загінуў.

3 ліпеня 2008, на святкаванні Дня Незалежнасці ў Менску, быў здзейснены падрыў самаробнай выбуховай прылады, замаскаванай пад пакет соку, напоўнены балтамі ды гайкамі. Пры выбуху пацярпелі 55 чалавек, 47 былі шпіталізаваныя. Тады ж выявілі яшчэ адну выбуховую прыладу, якая не спрацавала. Усе выбухі, якія адбыліся да тэракту ў менскім метро, былі кваліфікаваныя як хуліганства.

belsat.eu

Стужка навінаў