Больш за 300 чалавек паручыліся за Бяляцкага


Больш за 300 чалавек падпісалі паручыцельствы за вызваленне віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзімір Лабковіч.

Першую частку паручыцельстваў перададуць у пракуратуру на гэтым тыдні. «Калі дакладна, я сказаць не магу – паручыцельствы будуць перадавацца з адвакатам. Усё залежыць ад таго, калі адвакат пойдзе ў пракуратуру», – заявіў Лабковіч.

Праваабаронцы выпісалі Бяляцкаму на адрас СІЗА № 1, дзе ён утрымліваецца, газеты і часопісы. «Мы падпісалі яго на самыя розныя выданні: як незалежныя, так і дзяржаўныя. У прыватнасці, сярод дзяржаўных газета «Советская Белоруссия» прысутнічае», – падкрэсліў Уладзімір Лабковіч. Ён адзначыў, што праблемы з’явіліся з падпіскаю на газеты «Народная Воля» і «Свободные новости плюс». «У адміністрацыі СІЗА заявілі, што ў іх ёсць пытанні да гэтых выданняў, аднак мы пераканалі адміністрацыю калоніі, што гэтыя газеты распаўсюджваюцца афіцыйна па падпісцы і дазволеныя да распаўсюджання», – патлумачыў праваабаронца.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Прынамсі наступныя два месяцы праваабаронца правядзе за кратамі.

belsat.eu

Стужка навінаў