У Бабруйску затрымалі актывістку і сканфіскавалі тысячу подпісаў за адмену «дэкрэту аб дармаедстве»


Актывістку прафсаюзу РЭП Галіну Смірнову затрымалі пасля сустрэчы з дэпутатам Віталём Уласевічам.

Інцыдэнт здарыўся пасля таго, як жанчына сустрэлася з дэпутатам і папрасіла яго падпісаць зварот з патрабаваннем адмяніць дэкрэт. Уласевіч адмовіўся, а праз некалькі гадзін міліцыя затрымала актывістку і канфіскавала подпісы.

На прыём да дэпутата Віталя Уласевіча яна разам са сваім калегам Алегам Жалновым прыйшла 28 студзеня, папярэдне запісаўшыся на прыём.

«Мы распавялі яму, што праблема закранула вельмі многія семʼі, большасць людзей зусім несправядліва патрапілі ў разрад так званых «дармаедаў»… Мы прасілі яго паставіць подпіс пад патрабаваннем, якое падпісалі ўжо сотні бабруйчан, у тым ліку яго выбарцаў, а таксама прапаноўвалі сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць праблему. Аднак Віталь Уласевіч адмовіўся, заявіўшы, што на сённяшні дзень у Беларусі не працуе толькі той, хто не хоча працаваць», – распавяла прафсаюзная актывістка praca-by.info.

Паводле жанчыны, дэпутат падрабязна цікавіўся, у якіх месцах актывісты збіраюць подпісы. Галіна Смірнова шчыра распавяла, што пасля сустрэчы з ім пойдзе на мясцовы рынак, таму што там у выходны будзе шмат людзей.

«Пасля сустрэчы мы не адразу адправіліся на рынак, але калі прыйшлі туды, літаральна праз хвіліну да нас падышлі міліцыянты і папрасілі праехаць у РАУС. Прычым, некалькі дзён таму падчас збору подпісаў гэтыя ж міліцыянты спакойна абмяркоўвалі з намі праблемны дэкрэт», – паведаміла актывістка.

У РАУС Галіну Смірнову абшукалі, гвалтоўна забралі партфель і канфіскавалі тысячу подпісаў.

«Мне прыйшлося доўга чакаць, пакуль яны, нарэшце, змаглі правесці ператрус, таму што людзі, даведаўшыся, у чым справа, адмаўляліся быць прысутнікамі. Быў складзены пратакол аб парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах. Мне не далі на рукі вопіс канфіскаваных дакументаў і не далі падпісацца ў пратаколе. Таму я не ведаю, што яны там яшчэ напішуць. Гэта проста рабаванне, проста подлае рабаванне», – заключыла Галіна Смірнова.

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч запэўніў, што «улады спалохаліся народнай незадаволенасці і вырашылі выкарыстаць стары прыём – рэпрэсіі». Аднак прафсаюзны лідар упэўнены, што на гэты раз ім не ўдасца запалохаць народ.

Стужка навінаў