Мінабароны шукае жаўнера, што ўцёк з часткі


Міністэрства абароны Беларусі шукае ваеннаслужачага тэрміновай службы Сцяпана Захарчанку, які самавольна пакінуў 27 ліпеня адну з частак Менскага гарнізона. Распачатая крымінальная справа.
Паводле Міністэрства абароны, Захарчанка характарызаваўся вельмі негатыўна. Яшчэ да прызыву ў войска неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за хуліганства і распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы. Сваімі калегамі Захарчанка характарызуецца як “гультаяваты, хітры і вёрткі чалавек, схільны да зману і парушэння дысцыпліны, які ўвесь час шукае выгаду і канфліктуе з тымі, хто яго атачае“, у перыяд праходжання службы неаднаразова спрабаваў ухіліцца ад выканання сваіх абавязкаў шляхам шматлікіх неабгрунтаваных скаргаў на стан здароўя.
Сёлета ваеннаслужачы больш за 15 раз звяртаўся па медыцынскую дапамогу і правёў амаль два месяцы на стацыянарным лячэнні. Але захворванні не пацвердзіліся: у галоўным ваенным медыцынскім клінічным цэнтры было праведзена адпаведнае абследаванне, і Захарчанка быў прызнаны абсалютна здаровым і прыдатным да службы. Знаходзячыся на абследаванні, ён свядома ўхіляўся ад правядзення медыцынскіх працэдур, імкнуўся зацягнуць час свайго знаходжання ў медустанове.

belsat.eu

Стужка навінаў